Сенатары ЗША прапанавалі выдзеліць Украіне 55 млрд. даляраў
- 1.08.2025, 18:23
Законапраект дазволіць Трампу ўхваляць пастаўкі зброі Кіеву, не узгадняючы з Кангрэсам.
Сенатары ад Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый ЗША ў чацвер, 31 ліпеня, унеслі на разгляд законапраект аб выдзяленні Украіне на працягу наступных двух гадоў 54, 6 млрд. даляраў дапамогі, таксама і з замарожаных расейскіх актываў, перадае DW.
Ініцыятыву прапанавалі дэмакратка Джын Шэйхін, якая прадстаўляе Дэмпартыю ў Камітэце ў замежных справах, і рэспубліканка Ліза Меркаўскі. Згодна з планам, да траціны ўсіх выдаткаваных сродкаў (18,2 млрд. даляраў) будзе паступаць ад канфіскаваных расейскіх актываў і продажу зброі еўрапейскім партнёрам. На рэалізацыю праграмы прапануюць накіраваць сродкі, якія ЗША атрымаюць падчас здабычы рэдказямельных металаў ва Украіне.
Законапраект прадугледжвае траты не толькі на вайсковую дапамогу Украіне, але і на папаўненне амерыканскіх вайсковых арсеналаў. Больш за тое, большую частку сродкаў накіруюць менавіта на закуп новай зброі, якая заменіць старыя сістэмы, адпраўленыя ўкраінцам. Законапраект таксама дазволіць прэзідэнту ЗША ўхваляць пастаўкі зброі Украіне без узгаднення з Кангрэсам.
З пачатку поўнамаштабнай вайны ў лютым 2022 года Кангрэс ухваліў пяць пакетаў дапамогі Украіне на агульную суму 174 млрд. даляраў. Апошні з іх - на 61 млрд даляраў - быў прыняты ў красавіку 2024 года. Таксама папярэдні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн не паспеў выдаткаваць Украіне яшчэ 4 млрд. даляраў з выдзеленых Кангрэсам сродкаў.