ЕЗ адмяняе ліміт «на шампунь» у ручной паклажы
- 1.08.2025, 17:43
Новыя сканары дазволяць браць на борт большыя ёмістасці з вадкасцямі.
ЕЗ дазволіў выкарыстоўваць новыя сканары бяспекі, якія дазваляюць перавозіць большую колькасць вадкасці ў ручной паклажы.
Прэс-сакратарка Еўракамісіі пацвердзіла інфармацыйнаму агенцтву dpa, што прылады ўжо афіцыйна ўхваленыя, паведамляе Spiegel.
Пасажыры змогуць браць на борт самалёта большыя бутэлькі. Гэта стане магчымым дзякуючы новым сканарам, якія надзейна выяўляюць вадкія выбуховыя рэчывы.
Аэрапорты самі будуць пастанаўляць, ці будуць сканары выкарыстоўваць і калі.
У Нямеччыне, аднак,адмена правіла адносна 100мл. кантэйнераў, верагодна, будзе адкладзена на некаторы час, нават нягледзячы на тое, што адпаведныя сканары ўжо даўно ўсталяваныя на месцах.
Гэта звязана з тым, што састарэлыя прылады ўсё яшчэ выкарыстоўваюць, а пасажыры не могуць быць загадзя паінфармаваныя ў тым, які менавіта сканер будуць выкарыстоўваць дзеля праверкі на бяспеку.
Акрамя таго, некаторыя новыя прылады не маюць адпаведнага праграмнага забеспячэння.
Гэта азначае, што пакуль пасажырам будзе дазволена перавозіць вадкасці толькі ў ёмістасцях аб'ёмам да 100 мл. - і яны павінны быць спакаваны ў празрысты поліэтыленавы пачак, які зачыняецца, максімальнай ёмістасцю да 1 л.