BE RU EN

Пуцін памыліўся ў датах смерці бацькоў

  • 1.08.2025, 16:29

Недакладнасці ў "сямейнай гісторыі" дыктатара паказваюць на фабрыкацыю біяграфіі.

Уладзімір Пуцін няправільна ўказаў даты смерці сваіх бацькоў. Гэта выплыла з калонкі, апублікаванай ад імя Пуціна ў часопісе “Русский пионер” увесну 2015 года, расказваюць журналісты Раман Баданін і Міхаіл Рубін у кнізе «Цар уласнай персонай», якая выйшла 30 ліпеня 2025-га. Частку з кнігі 1 жніўня таксама публікуе «Проект».

Памылкі, на якія да гэтага часу не звярталі ўвагі, сведчаць, што калонку напісаў не сам Пуцін, мяркуюць журналісты.

Калонка ўтрымлівае такую цытату пра маці і бацьку нелегітымнага прэзідэнта РФ: «Яна засталася жывая. І дажыла да 1999 года. А ён памёр у канцы 1998-га».

Насамрэч, удакладняюць журналісты, Марыя Іванаўна Пуціна памерла ў 1998 годзе, а яе муж – праз год. Гэта вядома паводле іншых сведчанняў і пацвярджае здымак надмагільнага помніка бацькоў прэзідэнта, усталяванага сям'ёй Пуціна.

“Такім чынам, Пуцін у адным са сваіх рэдкіх артыкулаў не проста памыліўся ў датах смерці ўласных бацькоў, але нават пераблытаў паслядоўнасць, у якой праводзіў іх у апошні шлях... Гэты казус, мабыць, можна растлумачыць толькі адным: Пуцін не пісаў гэтую калонку, яе накідаў сам [журналіст крамлёўскага пула Андрэй] Калеснікаў ці безыменны клерк у Крамлі”, - мяркуюць журналісты.

Гэта не адзіная блытаніна ў калонцы, дадаюць Баданін і Рубін. Расказаная там жа гісторыя выратавання маці Пуціна ад гібелі ў Ленінградзе адрозніваецца ад версіі, якую палітык выклаў у кнізе "Ад першай асобы". Яе напісалі ў 2000 годзе з удзелам таго ж Калеснікава.

«[Бацька] стаў на мыліцы і пайшоў [са шпіталя ў блакадным Ленінградзе] дадому. Калі падышоў да дома, то ўбачыў, што санітары выносяць з пад'езда нябожчыкаў. І ўбачыў маму. Падышоў, і яму здалося, што яна дыхае. Ён санітарам кажа: “Яна ж яшчэ жывая!” – “Па дарозе дойдзе, - кажуць яму санітары. – Ужо не выжыве”. Ён расказваў, што накінуўся на іх з мыліцамі і прымусіў падняць яе назад, у кватэру. Санітары яму сказалі: “Ну, як скажаш, так і зробім, але ведай, што мы больш сюды не прыедзем яшчэ два-тры-чатыры тыдні. Сам будзеш разбірацца тады”. І ён яе выхадзіў», - прыводзяць журналісты цытату з калонкі.

Каб дадаць гэтаму эпізоду пераканаўчасці, Пуцін пісаў: “Так што ўсё, што бацькі расказвалі пра вайну, было праўдай. Ніводнага слова не прыдумалі”, каментуюць журналісты.

Таксама яны сцвярджаюць, што ў кнізе "Ад першай асобы" напісана зусім іншае.

“Аднойчы мама ад голаду страціла прытомнасць, думалі - яна памерла, і яе нават паклалі разам з нябожчыкамі. Добра, што мама своечасова прачнулася і застагнала. Цудам, увогуле, засталася жывая. Усю блакаду яна правяла ў Ленінградзе. Яе вывезлі, калі небяспека ўжо прайшла. - А дзе быў ваш бацька? – Бацька ў гэты час ваяваў”. Бацька Пуціна або ваяваў, або быў у ленінградскім шпіталі, адкуль прыйшоў, каб выратаваць сваю жонку ад жорсткіх санітараў”, - адзначаюць журналісты са спасылкай на аўтараў кнігі.

Прыводзяць яны і такую тэзу: Пуцін піша, што нібыта маці жыла ў Ленінградзе “ўсю блакаду”. Аднак з архіваў вядома, што яна была эвакуявана з акружанага горада ў ліпені 1942 года. Блакаду Ленінграда поўнасцю знялі толькі ў канцы студзеня 1944-га, падкрэсліваюць журналісты.

Апошнія навіны