Нямеччына пачала перадачу сістэм Patriot Украіне
- 1.08.2025, 14:26
Стала вядома, колькі установак і калі атрымаюць УСУ.
Нямеччына перадасць Украіне два зэнітных ракетных комплексы вялікай далёкасці Patriot. Гэта стала магчымым дзякуючы дамове з ЗША, паводле якой Бэрлін першым атрымае найноўшыя сістэмы наўзамен, паведамляе Reuters.
Міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс заявіў: «Нямеччына можа спачатку падтрымаць Украіну пускавымі ўстаноўкамі, а затым дадатковымі кампанентамі сістэмы Patriot».
Паводле інфармацыі выдання, найбліжэйшыя дні Бундэсвер перадасць Украіне дадатковыя пускавыя ўстаноўкі Patriot, а праз два-тры месяцы - іншыя элементы сістэмы. У абмен на гэта Бэрлін атрымае ад ЗША новыя комплексы Patriot, фінансаванне на якія выдаецца ў паскораным парадку.
Reuters адзначае, што такія пастаўкі становяцца асабліва актуальнымі на фоне ўзмацнення Расеяй удараў па Украіне.
«Патрэбы Украіны ў супрацьпаветранай абароне сталі яшчэ больш актуальнымі пасля таго, як гэтым летам Расея ўзмацніла свае паветраныя атакі, а сістэмы Patriot давялі сваю эфектыўнасць у знішчэнні расейскіх балістычных ракет», - адзначаюць журналісты.