«Зазіраюць у кожную скрынку, нават дробную»
- 1.08.2025, 11:36
Чарга на выезд з Беларусі ў Польшчу дасягнула 1600 аўто.
У пункце пропуску «Берасце» на выездзе з Беларусі зноў утварылася вялікая чарга. На 10:00 (паводле менскага часу) 1 жніўня, выезду з Беларусі чакаюць 1 600 легкавых аўтамабіляў і 32 аўтобусы.
Ад моманту рэгістрацыі ў электроннай чарзе да ўезду ў Польшчу праходзіць больш за два дні, піша Most.
Кіроўцы, якія рэгістраваліся ў зоне чакання на беларускім баку 29 ліпеня, пішуць у памежных чатах, што змаглі трапіць у Польшчу толькі 31 ліпеня — гэта заняло 50-56 гадзін. Цяпер чарга большая - адпаведна, час чакання таксама вырасце.
Паводле падлікаў сэрвісу BY Border Queue bot, кіроўцы, якія зарэгіструюцца ў чарзе 1 жніўня, правядуць у зоне чакання 3 дні 19 гадзін 43 хвіліны — і трапяць на беларускі памежны кантроль раніцай 5 жніўня.
Аўтобус
Перасячэнне мяжы на аўтобусе ў ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня з перасадкай у найбліжэйшыя да шлагбаўмы аўтобусы займала ад 6 да 8 гадзін. Без перасадкі - 14 гадзін.
У зваротным кірунку
На выезд з Польшчы ў Беларусь чэргі перыядычна ўзнікаюць, але не такія вялікія, як у кірунку Польшчы. Перасячэнне мяжы на легкавым аўтамабілі займае ад 4 да 7 гадзін. Час перасячэння мяжы на аўтобусе ў апошнія дні займаў ад 3,5 да 11 гадзін.
Турысты паведамляюць, што польскія службы старанна правяраюць тых, хто перасякае мяжу праз «зялёны канал».
«Асабліва старанна трасуць закупнікоў. Усе рэчы на стол, зазіраюць у кожную скрыначку, нават дробную, адзежу разгортваюць і ператрэсваюць. Калі парашок у мяккай ўпакоўцы, абавязкова паціскаюць гэтую ўпакоўку, а раптам вы там нешта везяце. Карацей, дбаюць», - піша адзін з карыстальнікаў памежнага чата.