Камітэт Сэната ЗША ўхваліў выдачу $1 млрд на падтрымку Украіны
- 1.08.2025, 10:16
Амаль аднагалосна.
Камітэт асігнаванняў Сэната ЗША ўхваліў праект абароннага бюджэту на $ 852 млрд, які прадугледжвае выдачу $1 млрд на падтрымку Украіны, паведамляе Reuters.
За выказаліся 26 сэнатараў — як дэмакраты, так і рэспубліканцы — і толькі трое выступілі супраць, хоць Белы дом на чале з прэзідэнтам Дональдам Трампам не закладваў фінансаванне Кіева ў свой бюджэтны запыт. "Не толькі папярэдняя адміністрацыя, але і цяперашняя недаацаніла ўзровень выкліку, з якім мы сутыкнуліся», — заявіў старшыня падкамітэту абароны, рэспубліканец Мітч Маконэл, каментуючы дакумент.
Праект уключае $800 млн непасрэдна на ініцыятыву садзейнічання бяспецы Украіны (USAI), якая гарантуе закупку ўзбраення. Яшчэ $225 атрымаюць краіны Балтыі, аднак вялікая частка гэтых сродкаў у выніку таксама пойдзе на абарону Украіны ад Расеі. «Я б сказаў, што падтрымка Украіны складзе мільярд даляраў», - рэзюмаваў сэнатар Крыс Кунс ад Дэмакратычнай партыі. Агулам праект павялічвае выдаткі ЗША на абарону на 2,6%, або на $21,7 млрд, у параўнанні з папярэднім фінансавым годам. Дакумент уступіць у дзеянне пасля таго, як пройдзе галасаванне ў поўным складзе сэната, узгадненне з Палатай прадстаўнікоў і атрымае подпіс прэзідэнта.
29 ліпеня Трамп даў прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну 10 дзён на спыненне вайны ва Украіне. Ён заявіў, што хоча дамагчыся мірнага пагаднення да 8 жніўня. Калі гэтага не адбудзецца, ЗША ўвядуць новыя санкцыі і іншыя меры супраць Расеі. Канкрэтныя крокі не раскрываюцца. Першапачаткова дэдлайн складаў 50 дзён.