Палітычную зняволеную Насту Лойку перавялі на паўгода ў ПКТ
- 1.08.2025, 9:34
Інфармацыю пацвердзілі праваабаронцы.
Палітычную зняволеную праваабаронцу Насту Лойку на шэсць месяцаў перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Пра гэта паведамляе ініцыятыва Dissidentby.
Насту Лойку затрымалі 28 кастрычніка 2022 года (перад тым яна месяц адбывала адміністрацыйныя арышты на Акрэсціна і на волі паспела правесці толькі тры тыдні). Яе пяць разоў запар асуджалі паводле адміністрацыйных артыкулаў і падаўжалі арышт. Толькі ў канцы снежня ёй выставілі абвінавачванне ў крымінальнай справе.
У чэрвені 2023 Лойку асудзілі паводле двух артыкулаў — паводле ч.1 арт. 342 КК (удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і прысудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Як раней распавядала крыніца, знаёмая з умовамі ў жаночай ПК-4 у Гомелі, камера ПКТ — гэта памяшканне памерам прыкладна 1,6 на 2,5 метра. Да сцен прымацаваныя двое палатак (для двух чалавек) — іх апускаюць толькі на час сну з 20.30 да 5 раніцы.