BE RU EN

У Тэхасе дзіцячы летнік змыла ракой

  • 5.07.2025, 15:34

Дзясяткі дзяўчатак прапалі без вестак.

Паводка ў Тэхасе забрала жыцці 24 чалавек, яшчэ дзясяткі дзяўчатак прапалі без вестак з хрысціянскага летніку, паведамляе Aljazeera.

Паводле інфармацыі агенцтва, трагедыя адбылася пасля магутных дажджоў на рацэ Гвадэлупа ў Тэхасе. Цягам 45 хвілінаў вада паднялася на 8 метраў, затапіўшы летнікі, дамы і дарогі. Паводле словаў гарадскіх уладаў, усё адбылося настолькі хутка, што папярэдзіць насельніцтва ці арганізаваць эвакуацыю не было магчымасці.

Асабліва моцна пацярпеў хрысціянскі летнік для дзяўчатак, размешчаны на беразе. Бацькі дзяцей з летніка публікавалі ў сацсетках фатаграфіі дачок з маленнямі пра дапамогу. Віцэ-губернатар Тэхаса Дэн Патрык заявіў, што летнік, дзе знаходзілася больш за 700 дзяцей, быў літаральна накрыты струменем вады блізу чацвёртай раніцы. Паводле рознай інфармацыі, ад 23 да 25 дзяўчатак прапалі без вестак.

Летнік моцна пацярпеў – паводле словаў яго дырэктара, узровень разбурэнняў катастрафічны. «У нас няма электрычнасці, вады і сувязі», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні адміністрацыі летніка.

Як паведамляецца, на пошукі і дапамогу пацярпелым накіравалі 14 гелікаптэраў, дзясяткі дронаў і сотні ратавальнікаў. Людзей эвакуююць з дрэваў і дахаў.

Тым часам Нацыянальная метэаслужба ЗША абвясціла рэжым надзвычайнай сітуацыі. Губернатар Тэхаса падпісаў указ аб увядзенні рэжыму бедства, каб паскорыць дапамогу найбольш пацярпелым раёнам.

Паводле словаў прадстаўнікоў мясцовай улады, гэта масавае бедства, маштабы якога прадаўжаюць расці. Чакаюцца новыя ападкі, і нават нязначны дождж можа прывесці да новых падтапленняў.

Апошнія навіны