У Італіі знайшлі некрануты сімвал этрускай культуры
- 5.07.2025, 15:11
Ён быў запячатаны ў скале 2700 гадоў.
Адной з самых дзіўных знаходак археолагі назвалі бронзавыя ўпрыгажэнні і рытуальны таз, які быў размешчаны каля адной з пахавальных ложаў. Усе знойдзеныя прадметы навукоўцы фатаграфуюць і апісваюць на месцы – так яны могуць «расказаць» археолагам некаторыя звесткі пра асобы пахаваных, паведамляе unian.net.
Дзякуючы таму што магільны склеп не кранулі рабаўнікі, яму ўдалося захаваць свой першапачатковы выгляд і адкрыць сучасным археолагам новыя звесткі пра пахавальныя рытуалы і звычаі ранніх этрускаў.
Паводле словаў старэйшага супрацоўніка Італьянскай управы археалогіі Барбары Барбара, большасць магільных склепаў у некропалі Сан-Джуліяна былі разрабаваныя ў старажытныя ці сучасныя часы. І той факт, што навукоўцы цяпер выявілі некрануты магільны склеп – гэта выключны выпадак. Такая знаходка дазволіць даследнікам вывучыць жыццё і смерць этрускаў у поўным кантэксце.
Сам некропаль Сан-Джуліяна названы ў гонар пагорку, на якім ён стаіць. Паводле словаў археолагаў, ён выкарыстоўваўся паміж 7 і 3 стагоддзямі да н. э, і да гэтага часу ўважаецца за адзін з самых цікавых і насычаных узораў этрускай пахавальнай культуры. Акрамя пахавальні, запячатанай у скале, даследнікі адкрылі на тэрыторыі Сан-Джуліяна яшчэ некалькі магільных склепаў.
Магільня каралевы – вялізны пахавальны комплекс вышынёй 10 метраў з двума ўваходамі і імітацыяй дзвярэй.
Магільня аленя – названая так праз гравюру з выявай аленя ўздоўж лесвіцы.
Магільня ложаў – з чатырма каменнымі пахавальнымі ложамі, верагодна, прызначанымі для сям'і.
Самае вядомае адкрыццё – магільня Саламандры – нядаўна адрэстаўраваная і ўнікальная тым, што ў ёй быў знойдзены чырвоны сердалікавы скарабей з выгравіраванай выявай воіна на кані, датаваны IV ст. да н.э.