Уладальнікі гатэля ў Францыі знайшлі схаванае ў сцяне 40 гадоў таму віно
- 31.07.2025, 20:59
Раптоўны скарб.
Уладальнікі гатэля ў Францыі падчас рамонту знайшлі некалькі замураваных у сцяну бутэлек віна Domaine Rene Leclerc, пакінутых там падчас рамонту 40-гадовай даўніны. Пра гэта піша Le Figaro. Газета не ўдакладняе, дзе менавіта размешчаны гатэль.
Паводле звестак выдання, Магалі Усюру з сям'ёй набылі гатэль у адным з вінаробных рэгіёнаў Францыі ў верасні 2024 года. Яны апісвалі будынак як «поўны гісторый і таямніцаў» і з самага пачатку разумелі, што дакладна знойдуць нешта незвычайнае. «Мы крыху памарылі, як дзеці: а раптам наткнёмся на скарб?» – цытуе Усюру Le Figaro.
Але доўгі час нічога незвычайнага яны не знаходзілі. І толькі потым брат Магалі, які займаўся электрамантажнымі працамі, натрапіў на нешта цвёрдае ў перагародцы паміж сценамі. Ён знайшоў скрынку, унутры якой ляжалі шэсць бутэлек Domaine Rene Leclerc Gevrey-Chambertin 1976 года і запіска, падпісаная Алет і Рэнэ Леклерк, якія былі ўладальнікамі вінакурні. Аўтары запіскі прапанавалі таму, хто знойдзе віно, выпіць за іх здароўе.
Магаль Усюру адшукала Алет Леклерк і даведалася, што тая спынялася ў гатэлі ў 1983 годзе – тады ў гатэлі ішоў рамонт. Менавіта яна схавала бутэлькі і запіску ў сцяне ў надзеі, што нехта калісьці іх выявіць.
Для Магалі Усюру гэтая знаходка стала не першай падобнай у жыцці. Яна расказала выданню, што ў першым сваім доме выпадкова знайшла старыя лісты, якія салдат пісаў сваёй жонцы з франтоў Першай сусветнай вайны. «Я заўсёды захоўвала гэты ўспамін… Такія знаходкі – сапраўдная душа старых будынкаў. Таму я падумала: "Чаму б не пашукаць іх і тут?"» – сказала яна.
Як піша Le Figaro, новыя ўладальнікі гатэля пастанавілі не адкаркоўваць бутэлькі, а размясціць іх у шкляной вітрыне побач са стойкай рэгістрацыі. Разам з бутэлькамі выставяць і цыдулку.
Domaine Rene Leclerc вядзе сваю гісторыю з 1896 года. Менавіта тады яе заснавальнік Луі Жазэф Леклерк пастанавіў інвеставаць у вінаграднікі камуны Жэўрэ-Шамбертэн у Бургундыі. Унукам заснавальніка быў той самы Рэнэ Леклерк, цыдулку ад якога знайшлі разам з бутэлькамі віна ў сцяне гатэля. Ён стаў кіраваць маёнткам у 1976 годзе. Цяпер ён носіць ягонае імя.
У 1984 годзе віны Domaine Rene Leclerc былі абраныя для вячэры прэзідэнта ЗША Рональда Рэйгана і прэзідэнта Францыі Франсуа Мітэрана ў Белым доме. Цяпер гаспадарка вырабляе некалькі відаў чырвоных вінаў. Асноўным гатункам вінаграду з'яўляецца «піно нуар».