Урад Індыі загадаў НПЗ рыхтавацца да поўнай забароны расейскай нафты
- 31.07.2025, 20:17
Пагрозы Трампа спрацавалі?
Урад Індыі даручыў дзяржаўным нафтаперапрацоўчым заводам падрыхтаваць планы на выпадак, калі нафта з Расеі стане цалкам недаступнай, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы ў галіне.
Паводле словаў суразмоўцаў агенцтва, топ-мэнэджары НПЗ атрымалі ўказанне распрацаваць папярэднія разлікі таго, дзе і як яны маглі б набываць нафту на замену расейскім баралям.
Урад Індыі, якая забяспечвае за кошт Расеі трэць свайго нафтавага імпарту, пакуль яшчэ не прыняў пастановы, як рэагаваць на заявы Дональда Трампа, які прыгразіў Індыі 25-адсоткавымі мытамі на ўсе тавары з 1 жніўня і дадатковымі «штрафамі» за супрацоўніцтва з Расеяй.
Ультыматум Трампа Уладзіміру Пуціну заканчваецца 8 жніўня, пацвердзіў у чацвер намеснік сталага прадстаўніка ЗША ў ААН Джон Келі. Да гэтага тэрміну Расея павінна закончыць вайну ва Украіне, у адваротным выпадку краіны, якія набываюць энэрганосьбіты ў Крамля, атрымаюць мыты памерам 100%, пагражаў раней сам Трамп.
У чацвер у сацсетцы TruthSocial Трамп заявіў, што яго «зусім не цікавяць» стасункі Расеі і Індыі. «Няхай іх эканомікі, якія паміраюць, разбураюцца разам, мне ўсё роўна, — напісаў Трамп. — У нас вельмі мала бізнэсу з Індыяй, іх мыты занадта высокія, адны з самых высокіх у свеце».
Дзяржаўныя НПЗ Індыі ужо прыпынілі набыццё расейскай нафты, паведамілі раней крыніцы Reuters: ад бараляў з РФ адмовілася ў тым ліку Indian Oil Corp — найбуйнейшая нафтавая кампанія краіны, якая кіруе 10 з 20 індыйскіх НПЗ сумарнай магутнасцю 60 млн тонаў за год.
Акрамя таго, імпарт прыпынілі Hindustan Petroleum, Bharat Petroleum і Mangalore Refinery Petrochemical, паведамілі крыніцы. Індыйскія НПЗ, паводле словаў суразмоўцаў Reuters, шукаюць замену расейскім баралям на спот-рынку і сталі набываць нафту ў блізкаўсходніх краінах АПЕК і ў Заходняй Афрыцы.
З пачатку вайны пастаўкі нафты з РФ у Індыю выраслі больш чым у 30 разоў, у тым ліку дзякуючы зніжкам, якія першапачаткова дасягалі $14–16 за бараль, а ў апошнія месяцы скараціліся да $2,5–4. У першым паўгоддзі 2025 года індыйскія НПЗ набывалі ў РФ 1,75 млн бараляў за дзень, забяспечваючы расейскай сыравінай больш як трэць сваіх патрэбаў у імпарце.
У чэрвені пастаўкі дасягалі 2 млн бараляў за дзень, ці больш за палову ўсёй нафты, што танкеры вывозяць з марскіх партоў РФ. Паводле ацэнак CREA, з моманту ўвядзення нафтавага эмбарга ЕЗ Індыя заплаціла Расеі 100 млрд еўраў за пастаўкі «чорнага золата», саступаючы толькі Кітаю, які імпартаваў сыравіны на 125 млрд еўраў.