Лукашэнка: Мы гатовыя прыняць мігрантаў
- 31.07.2025, 18:23
Дыктатар зноўку паскардзіўся на недахоп кадраў.
Беларусь гатовая прымаць працоўных мігрантаў, калі яны праявяць павагу да краіны і гатоўнасць да працы, заявіў Аляксандр Лукашэнка, яго словы перадае БелТА.
"Мы гатовы тут прыняць усіх, хто хоча працаваць, хто паважае нашу дзяржаву і народ", — зазначыў Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў.
На думку дыктатара, "апошняе слова" застаецца за беларускімі амбасадарамі ў тых дзяржавах, адкуль людзі прыязджаюць у Беларусь.
У траўні Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінная прыцягваць працоўных, каб не дапусціць “катастрафічны” недахоп кадраў.
У 2024 годзе колькасць працоўных мігрантаў, якія прыбылі ў Беларусь, павялічылася ў 2,5 разы ў параўнанні з мінулым годам і перавысіла 33 тыс. чалавек. Амаль палова з іх - грамадзяне Туркменістана, астатнія ў асноўным з Расеі, Кітая, Украіны і Узбекістана, пісала газета "Милиция Беларуси" са спасылкай на звесткі Дэпартамента ў грамадзянстве і міграцыі МУС.
Адзначым, з 2021 года рэжым Лукашэнкі задавальняе на межах з суседнімі краінамі міграцыйны крызіс. На межах Беларусі з Літвой, Польшчай і Латвіяй тысячы мігрантаў, пераважна з Сірыі, Егіпта, Афганістана, Пакістана, Йемена, Ірана і Нігерыі, імкнуцца патрапіць у Еўразвяз.
Нагадаем, 11 красавіка гэтага года Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам. Яны дамовіліся пра магчымы прыезд ў Беларусь 100-150 тысяч працоўных мігрантаў з ісламскай рэспублікі.