Ва Украіне адноўленая незалежнасць антыкарупцыйных органаў
- 31.07.2025, 22:29
Гэта адбылося пасля пратэстаў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон аб вяртанні паўнамоцтваў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро і Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры, паведамляе nv.ua.
“Хачу падзякаваць усім парламентарыям за прыняцце майго законапраекта - цяпер ужо закона. Толькі што падпісаў дакумент, тэкст будзе неадкладна апублікаваны. Гэта гарантыі нармальнай, незалежнай працы антыкарупцыйных органаў, усіх органаў правапарадку нашай дзяржавы”, - заявіў прэзідэнт Украіны ў чацвер, 31 ліпеня.
Зяленскі назваў пастанову "правільнай" і заявіў, што дзяржава прыслухоўваецца да грамадскай думкі. Паводле яго слоў, чыноўнікі "неадкладна" праінфармуюць партнёраў Украіны аб гэтым законе.
31 ліпеня Вярхоўная Рада Украіны прыняла ў другім чытанні ініцыяваны прэзідэнтам законапраект № 13533 адносна паўнамоцтваў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро (НАБУ) і Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП).