«Працаўнікі» сельскай гаспадаркі ў нас шакаваныя»
- 31.07.2025, 17:32
КДБ учыняе рэйды на сельгаспрадпрыемствы Гомельшчыны.
Жыхары Гомельскай вобласці паведамляюць пра рэйды сілавікоў на палі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў. Гаворыцца пра праверкі, якія праводзяць і супрацоўнікі КДБ у адносінах да працаўнікоў, паведамляе «Гомельская вясна».
«Працаўнікі сельскай гаспадаркі шакаваныя: супрацоўнікі КДБ у нас на палях правяраюць камбайнераў ды іншых працаўнікоў. Прыехалі на поле ў абед. Спачатку правяралі кухарку. Пасля пачалі аглядаць кабіну кожнага камбайна. Абураліся, што людзі дрэнна працуюць. Шукалі, магчыма, нехта нешта скраў», — расказаў жыхар адной з вёсак і працаўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства.
У іншым раёне паведамілі, што да іх проста на палі таксама прыязджалі сілавікі ў чорнай форме - аглядалі кабіны камбайнаў і аўтамабіляў, якія працуюць на ўборцы збожжа.