Новая бітва за Каўказ і Цэнтральную Азію
- 31.07.2025, 15:51
Захад не павінен праспаць барацьбу за рэгіён.
На фоне геапалітычных узрушэнняў ва Украіне, у Каўказскім і Цэнтральнаазіяцкім рэгіёнах разгортваецца новая "вялікая гульня — сучасная, шматпалярная і эканамічна насычаная версія суперніцтва XIX стагоддзя паміж брытанскай і расейскай імперыямі, піша The National Interest (пераклад — сайт Charter97.org).
Сёння ў барацьбу за ўплыў уцягнутыя Расея, Кітай, Турцыя, ЕЗ, Іран і ЗША. Расея, захрасла ў вайне з Украінай, страчвае пазіцыі на Паўднёвым Каўказе. Яе супольнік Арменія дыверсіфікуе вайсковае супрацоўніцтва, збліжаецца з ЕЗ і Турцыяй, нягледзячы на гістарычныя крыўды. Азербайджан, які ўзмацніўся пасля канфлікту ў Карабаху, стаў ключавым энэргетычным партнёрам Еўропы і прасоўвае аднабаковы праект Зангезурскага калідора. У адказ Ерэван прапануе мультыфарматную ініцыятыву “скрыжаванне свету", якую падтрымлівае ЕЗ.
Кітай, імкнучыся ўмацаваць гандлёвыя шляхі праз сярэдні калідор, нарошчвае ўплыў у Цэнтральнай Азіі. Пекін адмаўляецца інтэграваць свой праект “Адзін пояс — адзін шлях" з расейскім ЕАЭС, баючыся страты аўтаноміі. Адначасова Расея спрабуе захаваць гандлёвыя плыні праз Азербайджан і Іран, абыходзячы заходнія санкцыі.
Турцыя умацоўвае пазіцыі як энергетычны хаб і пасярэднік, узмацняючы сувязі з цюркскімі краінамі. ЕЗ імкнецца да энэргетычнай незалежнасці ад Расеі ды Ірана, інвестуючы ў інфраструктуру Каўказа.
На фоне сыходу Расеі з пазіцыі “гаранта стабільнасці", рэгіён становіцца арэнай для новых кааліцый і транспартных маршрутаў. Каўказ і Цэнтральная Азія ператвараюцца ў ключавое звяно паміж Еўропай і Азіяй. Аднак Захад рызыкуе ўпусціць момант, калі не прапануе краінам рэгіёну рэальныя эканамічныя альтэрнатывы расейскаму і кітайскаму ўплыву.