Абраны прэзідэнт Польшчы і Зяленскі правялі першую размову
- 31.07.2025, 14:23
Украіна, якая змагаецца супраць імперскай Расеі, можа разлічваць на падтрымку.
Абраны прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правялі першую тэлефонную размову.
Пра гэта ў сваім X заявіў прэс-сакратар Наўроцкага Рафал Ляшкевіч.
Прэс-сакратар паведаміў, што размова адбылася з ініцыятывы Зяленскага, які павіншаваў Караля Наўроцкага з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах.
"Караль Наўроцкі падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі павінна базавацца на ўзаемнай павазе і шчырым партнёрстве... Расея - гэта неаімперская, каланіяльная дзяржава пад кіраўніцтвам вайсковага злачынцы Уладзіміра Пуціна. Таму Украіна, якая змагаецца супраць крамлёўскага рэжыму, можа разлічваць на падтрымку Польшчы", - гаворыцца ў ягонай заяве.
Адной з цэнтральных тэм размовы была гістарычная палітыка.
"Караль Наўроцкі падкрэсліў, што ён з'яўляецца голасам народа, які патрабуе змены падыходу Украіны да важных і дагэтуль нявырашаных гістарычных пытанняў. Гэта павінна змяніцца. Абраны прэзідэнт сказаў, што гістарычныя пытанні будуць тэмамі далейшых размоў з прэзідэнтам Украіны”, – распавёў спікер.
Зяленскі са свайго боку яшчэ не паведамляў пра размову.
Перад гэтым Зяленскі павіншаваў Наўроцкага з перамогай на выбарах у публічным допісе ў пачатку чэрвеня. Наўроцкі ў адказ выказаў надзею на працяг шчыльнага партнёрства з Украінай і падкрэсліў важнасць развязання складаных гістарычных пытанняў.
Інаўгурацыю Караля Наўроцкага, якога падтрымлівае апазіцыйная «Права і справядлівасць», прызначылі на 6 жніўня.