Навальнічны фронт зносіў дахі і ламаў дрэвы
- 31.07.2025, 11:46
МНС падвёў вынікі.
У прэс-службе Міністэрства ў надзвычайных сітуацыях падвялі вынікі праходжання навальнічнага фронту па Беларусі. 29 ліпеня ў Менскім раёне было пашкоджана 25 жылых дамоў.
Да ліквідацыі наступстваў непагадзі ў прысталічным раёне прыцягнутая “ўзмоцненая група ратавальнікаў і аварыйных службаў " — 285 чалавек і 43 адзінкі тэхнікі (ад МНС — 160 і 24 адпаведна).
У Гарадзенскай вобласці падраздзяленні МНС тройчы выклікалі на дапамогу для распілоўкі дрэў - у Лідскім, Навагрудскім і Шчучынскім раёнах. На тэрыторыі малочна-таварнай фермы ў Лідскім раёне супрацоўнікі ведамства дапамагалі адпампоўваць ваду, назапашаную з-за ападкаў. Будынкі комплексу не падтопленыя.
У Гомельскай вобласці 30 ліпеня да падраздзяленняў МНС двойчы звярталіся па дапамогу ў распілоўцы і прыборцы дрэў, якія ўпалі на дарогу, — у Лельчыцкім і Калінкавіцкім раёнах.
У той жа дзень у Менскай вобласці праз моцную залеву супрацоўнікаў ведамства сем разоў прасілі адпампаваць ваду - у Лагойскім, Менскім, Маладзечанскім, Пухавіцкім, Смалявіцкім, Старадарожскім раёнах.