NASA назвала дату самага доўгага сонечнага зацьмення з 1991 года
- 30.07.2025, 21:49
Яго ўжо назвалі «зацьменнем стагоддзя».
2 жніўня 2027 года Зямлю чакае рэдкая астранамічная падзея – поўнае сонечнае зацьменне, якое ўжо назвалі «зацьменнем стагоддзя». Паводле звестак NASA, яно прадоўжыцца 6 хвілінаў і 23 секунды – гэта будзе самае доўгае зацьменне з 1991 года. Наступнае такое доўгае зацьменне адбудзецца толькі пасля 2100 года, піша The Economic Times.
Прычыны рэкорднай даўжыні тлумачацца шэрагам астранамічных чыннікаў. Па-першае, у гэты дзень Зямля будзе знаходзіцца ў афеліі – самым далёкім пункце сваёй арбіты ад Сонца. Гэта зробіць сонечны дыск візуальна меншым. Па-другое, Месяц, наадварот, будзе на мінімальнай адлегласці ад Зямлі, дзякуючы чаму яго цень цалкам накрые Сонца. І, нарэшце, шлях ценю Месяца пройдзе блізка да экватара, дзе хуткасць яго перасоўвання па паверхні планеты ніжэйшая, чым на больш высокіх шыротах.
Поўнае зацьменне можна будзе назіраць у асобных рэгіёнах Гішпаніі, Паўночнай Афрыкі і на Блізкім Усходзе. У іншых частках планеты з'ява будзе відаць часткова ці не будзе прыкметна зусім.
NASA аспрэчыла чуткі, якія з'явіліся ў сеціве, што «зацьменне стагоддзя» можна будзе ўбачыць ужо 2 жніўня 2025 года. Агенцтва ўдакладніла, што ў гэты дзень такой з'явы не адбудзецца. Замест гэтага 21 верасня 2025 года адбудзецца прыватнае сонечнае зацьменне. Яго змогуць назіраць у некаторых раёнах Еўропы, Афрыкі і Паўднёвай Азіі. У Паўночнай Амерыцы, Расеі і іншых рэгіёнах феномен бачны не будзе.