ФРС ЗША захавала стаўку на ўзроўні 4,25–4,5% пяты раз запар
- 30.07.2025, 21:12
Насуперак заклікам Трампа.
Федэральная рэзервовая сістэма ЗША (ФРС), якая выконвае функцыі цэнтральнага банка краіны, паводле вынікаў двухдзённага пасяджэння 29–30 ліпеня захавала ўліковую стаўку на ўзроўні 4,25–4,5% гадавых. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе рэгулятара. Гэта ўжо пятае паседжанне запар, калі стаўку захоўваюць без зменаў.
Днём 30 ліпеня рынак ацэньваў верагоднасць таго, што ФРС захавае стаўку без зменаў, 96,9%, сведчаць звесткі інструмента FedWatch, які разлічвае біржа CME на падставе ф'ючэрсаў на стаўку. Астатнія 3,1% паказвалі на варыянт з паніжэннем стаўкі на 25 Б.П.
Усе эканамісты, апытаныя Reuters, таксама чакалі, што ФРС на пасяджэнні 29–30 ліпеня зноў захавае адсоткавую стаўку на ўзроўні 4,25–4,5% гадавых.
Аднак большасць апытаных адзначаюць, што захоўваецца інтрыга: ці зможа Федрезерв застацца незалежным на фоне ўзмацнення палітычнага ўмяшання. Як піша Reuters, чальцы рады кіраўнікоў ФРС Крыс Уолер і Мішэль Боўман, прызначаныя Трампам на гэтыя пасады, нядаўна выказаліся за зніжэнне ставак ужо на ліпеньскім пасяджэнні.
«Мяне турбуе пытанне незалежнасці ФРС і галоўная прычына гэтага – нядаўнія паводзіны Боўман і Уолера. Вельмі прыкметна, што яны разыходзяцца з кансэнсусам», – прыводзіць агенцтва словы старэйшага стратэга ў ЗША ў Rabobank Філіпа Марэя.
Наступнае паседжанне ФРС пра стаўку запланаванае на 16–17 верасня. Крыху больш за палову эканамістаў (56 з 105), апытаных Reuters, прагназуюць зніжэнне ставак у верасні.
У сераду, 30 ліпеня, Бюро эканамічнага аналізу ЗША апублікавала справаздачу з папярэднімі звесткамі пра ВУП у другім квартале 2025 года. Паказнік вырас на 3% у гадавым выразе пасля зніжэння на 0,5% у першым квартале 2025 года, вынікае са справаздачы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што звесткі ппа ВУП былі «нашмат лепшыя, чым чакаліся» і зноў заклікаў кіраўніка ФРС Джэрам Паўэла і ягоных калег знізіць стаўкі, піша Bloomberg.