У Лідскім раёне цягнік збіў жанчыну
- 30.07.2025, 19:18
Яна ішла па чыгуначных шляхах.
Увечары 29 ліпеня на чыгуначным перагоне Ліда – Гутна ў Гарадзенскай вобласці адбылася трагедыя: пад колы цягніка патрапіла 43-гадовая жанчына.
Як паведамілі праваахоўнікі, інцыдэнт адбыўся ў 21.23. Жанчына ішла па чыгуначных шляхах, калі на яе наехаў пасажырскі цягнік. Машыніст паспрабаваў прадухіліць трагедыю: ужыў усе неабходныя захады, у тым ліку экстраннае тармажэнне. Аднак сутыкнення ўнікнуць не атрымалася – жанчына памерла на месцы здарэння.
Праз аварыю рух па маршруце затрымаўся на 21 хвіліну. Цяпер высвятляюць прычыны і абставіны здарэння.