BE RU EN

Бабруйчанка называе сябе беларускай і хоча, каб так было напісана ў дакументах дзіцяці, але ёй не дазваляюць

  • 30.07.2025, 18:45

У чым праблема.

Валянціна жыве ў Бабруйску, яна нарадзілася і вырасла ў Беларусі, тут жа атрымала і пашпарт. Ды і, паводле словаў жанчыны, адчувае яна сябе якраз беларускай. Нядаўна яна рабіла пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. І тут Валянціну чакаў сюрпрыз. Высветлілася, што ў дакуменце нельга ўказаць, што яна беларуска. Абурэннем наконт гэтага бабруйчанка падзялілася ў TikTok. Вывучылі сітуацыю і спыталі ў юрысткі, ці можа Валянціна неяк змяніць сітуацыю.

У сваім TikTok бабруйчанка падпісаная як Валянціна. Яна расказала, што жыве ў Беларусі ўсё жыццё і ўважае сябе за беларуску. Але ў пасведчанні аб нараджэнні жанчыны пазначана, што яе маці ўкраінка, а бацька — расеец.

— Мне сказалі, што трэба выбраць: альбо я расейка, альбо ўкраінка. Кажу: «А як гэта так? Я адчуваю сябе беларускай, тут нарадзілася і тут жыву. Чаму не магу сказаць, што беларуска?» — расказвае жанчына. — Чаму павінна выбіраць? Не разумею. І мне рэальна давялося выбіраць: альбо я расейка, альбо ўкраінка — і ўказваць гэта ў пасведчанні аб нараджэнні майго дзіцяці.

Што ў выніку запісалі ў дакумент дачкі, Валянціна не ўдакладняе ні на відэа, ні ў каментарах. Таксама няма інфармацыі і пра тое, якая нацыянальнасць у бацькі дзяўчынкі.

Што гаворыць закон?

Ці можна ў такой сітуацыі абраць нацыянальнасць, адрозную ад той, якая ў бацькоў? «Люстэрка» спытала ў юрысткі Святланы Бабінцавай. Як зазначае суразмоўца, парадак таго, як такая інфармацыя ўносіцца ў пасведчанні аб нараджэнні, рэгулюецца пастановай Савета міністраў № 1454 ад 14 снежня 2005 года.

— Згодна з гэтым дакументам, супрацоўнікі ЗАГС могуць унесці запіс толькі на падставе афіцыйных дакументаў маці. Калі ў яе сведчанні бацькі пазначаныя як расеец і ўкраінка, то яна можа выбраць для сябе адну з гэтых дзвюх нацыянальнасцяў. Адпаведна, у пасведчанні аб нараджэнні яе дзіцяці таксама можа ўказаць адну з іх, — кажа суразмоўца. — Нельга адвольна ўказаць нацыянальнасць, калі яна адрозніваецца ад указанай у яе ўласных дакументах.

Прасцей гаворачы, нягледзячы на тое, што Валянціна пражыла ў Беларусі ўсё жыццё і ўважае сябе за беларуску, у дакументах дачкі яна ёй быць не зможа. Але ў гэтай сітуацыі важна адрозніваць нацыянальнасць і грамадзянства, дадае Святлана.

— Грамадзянства ў дзіцяці [Валянціны] у гэтым выпадку будзе беларускае, і гэта ніяк не абмяжоўвае ягоныя правы, — кажа яна.

Праўда, удакладняе юрыстка, калі запісаная ў дакументах нацыянальнасць, на думку чалавека, не адпавядае рэчаіснасці, яе ўсё ж можна змяніць.

— Гэта робіцца праз органы ЗАГС. Трэба сабраць дакументы, якія даказваюць, што папярэдні запіс быў зроблены няправільна (напрыклад, калі ў бацькоў ці бабуляў-дзядуляў у дакументах было пазначана «беларус»), — расказвае пра працэдуру суразмоўца. — Калі ЗАГС адмовіцца ўносіць змены ў запіс акта грамадзянскага стану, гэтую пастанову можна абскардзіць у судзе. Вынік справы будзе залежаць ад канкрэтных абставінаў і прапанаваных доказаў. Гэта можа быць вельмі складаны і доўгі шлях.

Апошнія навіны