Трамп дазволіў украінскім уцекачам застацца ў ЗША да заканчэння вайны
- 30.07.2025, 18:37
Пры гэтым у студзені ён прыпыніў праграму, якая дазваляла ўкраінцам атрымліваць часовы статус у ЗША.
Украінскія бежанцы змогуць застацца ў ЗША да заканчэння баявых дзеянняў, заявіў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп журналістам, відэа апублікаваў карэспандэнт Foreign Press Алекс Раўфаглу ў X.
Адказваючы на пытанне, ці дазволіць Вашынгтон застацца ўкраінскім уцекачам у краіне да заканчэння баёў, Трамп сказаў: «Мы зробім гэта. У нас шмат людзей, якія прыехалі з Украіны, і мы працуем з імі».
Пасля вяртання ў Белы дом Трамп праводзіць жорсткую антымігранцкую палітыку. Адразу пасля сваёй інаўгурацыі ён падпісаў указ, паводле якога была прыпыненая заснаваная ягоным папярэднікам Джо Байдэнам праграма дапамогі бежанцам «Адзінства дзеля Украіны» (United for Ukraine, U4U). Яна дазваляла ўкраінцам і іх найбліжэйшым сваякам знаходзіцца ў ЗША цягам двух гадоў пры наяўнасці фінансавых спонсараў. The New York Times назвала гэтую праграму «ключавой». Паводле звестак газеты, да верасня 2023 года яе ўдзельнікамі сталі больш за 150 тыс. чалавек.