Украіна і NATO: Умацаванне партнёрства на фоне вайны і ў чаканні ўдзелу
- 30.07.2025, 18:07
Палітыка еўраатлантычнай інтэграцыі замацаваная ў Канстытуцыі Украіны.
На фоне поўнамаштабнай агрэсіі Расеі Украіна і NATO ўзмацняюць стратэгічнае ўзаемадзеянне. Нягледзячы на тое, што фармальнае сяброўства Украіны ў альянсе застаецца складаным працэсам, абодва бакі знаходзяць шляхі для паглыблення інтэграцыі, піша CEPA (пераклад – сайт Charter97.org).
Палітыка еўраатлантычнай інтэграцыі замацаваная ў Канстытуцыі Украіны як стратэгічная мэта. Кіеў актыўна адаптуе ўзброеныя сілы да стандартаў NATO. У той самы час хаўруснікі пацвярджаюць, што «Украіна ўпэўнена рухаецца да паўнапраўнага ўдзелу», хоць дакладных тэрмінаў уступлення пакуль не пазначана. Адсутнасць яснасці аслабляе як стратэгічнае планаванне, так і стрымліванне спаборніка.
Ва ўмовах нявызначанасці важнае значэнне набывае прамежкавая сістэма бяспекі. Яна ўключае тэрміновыя пастаўкі перадавых сістэмаў СПА, дакладнай артылерыі, а таксама развіццё лагістыкі і сувязі. Акрамя таго, патрабуецца паглыбленне ўзаемадзеяння ўкраінскага войска з NATO праз супольныя вучэнні, планаванне і навучанне. Гэта ўзмацняе аператыўную сумяшчальнасць і палітычную салідарнасць.
Важным крокам стала заснаванне Рады Україна – NATO ў ліпені 2023 года. Яна дае Украіне роўныя правы з чальцамі альянсу ў кансультацыях і пастановах, а таксама дазваляе ўдзельнічаць у каардынацыі адказаў на крызісы ў рэжыме рэальнага часу. Гэты орган замацоўвае статус Украіны як ключавой партнёркі ў сферы еўрапейскай бяспекі.
Дадаткова Кантактная група абароны Украіны, якая ўключае больш за 50 краінаў, каардынуе ваенную дапамогу і стварае спецыялізаваныя кааліцыі – ад СПА да размінавання. Аднак для доўгатэрміновай эфектыўнасці патрабуюцца інстытуцыйныя рэформы і зніжэнне бюракратыі.
Шлях да сяброўства застаецца канчатковай мэтай, але ўжо цяпер неабходна закрыць стратэгічны разрыў паміж чаканнямі і рэальнасцю.