Туск: Вайна ва Украіне можа неўзабаве «прыпыніцца»
- 30.07.2025, 17:38
Аднак прэм'ер Польшчы заклікае рыхтавацца да абароны ад расейскай агрэсіі.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што «ёсць шмат прыкмет», якія могуць сведчыць аб магчымым прыпыненні вайны ва Украіне найбліжэйшым часам. Пра гэта ён сказаў падчас выступу ў Тэхналагічным інстытуце паветраных сіл у Варшаве, паведамляе TVP.
Кіраўнік польскага ўрада падкрэсліў, што нават у выпадку спынення баявых дзеянняў пазіцыя Польшчы застанецца нязменнай.
«Ёсць добры шанец, ёсць шмат прыкмет, якія паказваюць на тое, што расейска-ўкраінская вайна можа быць прынамсі прыпыненая ў найбліжэйшай будучыні. Але гэта ніякім чынам не мяняе нашай сітуацыі», — сказаў Туск.
Паводле яго, Польшча «павінна быць гатовая абараняць сябе» незалежна ад развіцьця падзей на расейска-ўкраінскім фронце.
«Мы не можам страчваць ніводнай гадзіны або дня ў гэтай пагоні за сучасным войскам», - сказаў польскі прэм'ер.