Малдаўскі алігарх-уцякач Плахатнюк таемна прылятаў у Менск
- 30.07.2025, 17:28
З падробленым пашпарце.
Малдаўскі мільярдэр Улад Плахатнюк, якога нядаўна затрымалі ў Грэцыі, у апошнія гады часта бываў у Маскве і Менску з дакументамі на фальшывае імя і вёў перамовы з топ-чыноўнікамі Крамля.
Пра гэта паведамляе The Insider са спасылкай на звесткі пералётаў і дакументы, якія ім удалося атрымаць.
Атрыманыя журналістамі звесткі праслухоўванняў сведчаць, што Плахатнюк падчас свайго таемнага знаходжання ў Маскве размаўляў з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Пуціна Дзмітрыем Козаком. Апошні раз Плахатнюк быў у Маскве ў канцы красавіка 2025 года.
Крэмль нібыта хацеў заручыцца падтрымкай алігарха, каб уплываць на палітычнае жыццё ў Малдове.
Пра таемныя візіты Плахатнюка стала вядома з матэрыялаў праслухоўванняў былога гандлёвага прадстаўніка Расеі ў Малдове Уладзіслава Дарвая, якія апынуліся ў распараджэнні малдаўскага даследчага праекта «Маленькая краіна» – іх апублікавалі ў красавіку 2025 года.
Журналісты праверылі інфармацыю, якая там прагучала, і высветлілі, што чалавек з пашпартам на імя Міхаіла Таўшанава сапраўды ўпершыню прыбыў у Маскву 4 чэрвеня 2024 года з Дубая. Праз тыдзень пасля гэтага яшчэ адны перамовы з Козакам адбыліся ў Менску.
Пасля гэтага Плахатнюк лётаў у Маскву таксама ў кастрычніку 2024 года і ў сакавіку і красавіку 2025 года.
Паводле інфармацыі з праслухоўвання, Плахатнюк павінен быў старанна маскавацца падчас сваёй першай паездкі - выкарыстоўваць цёмныя акуляры і кепку з нізкім казырком; у аэрапорт па яго адправілі спецыяльны службовы аўтамабіль, які паліцыя не магла б спыніць для праверкі.
Таксама Плахатнюк не павінен быў пакідаць свой нумар у гатэлі і нібыта даплачваў за тое, каб спартзалу гатэля на пэўныя гадзіны рэзервавалі для яго аднаго – каб ніхто не мог яго там пазнаць.