Кіраўнік МЗС Літвы адказаў прыхільнікам зняцця санкцый з рэжыму Лукашэнкі
- 30.07.2025, 16:46
Вільня мае намер зрабіць больш жорсткімі абмежавальныя захады.
Цяпер у Літве «не адбываецца ніякіх працэсаў, звязаных з пераглядам санкцыйнай палітыкі і канкрэтных захадаў у дачыненні да Беларусі [у бок паслаблення]», заявіў журналістам 30 ліпеня ў будынку ўрада літоўскі міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс.
«Наадварот, мы глядзім, куды нам варта пашырыць гэтае кола [санкцый] і якія яшчэ меры ўздзеяння ўжыць, — цытуе чыноўніка партал навінаў Delfi. - Шкада, што дэпутаты Сэйма, якія распаўсюджваюць неабгрунтаваныя чуткі, не прыходзяць на пасяджэнні, дзе ў нас ёсць магчымасць пагаварыць, і цяпер ствараюць вакол сябе бурбалку, быццам тут нешта наспявае».
Будрыс не назваў канкрэтных дэпутатаў, якія распускаюць гэтыя чуткі.
Пры гэтым кіраўнік літоўскай дыпламатыі не стаў дэталёва каментаваць прапанову тэрмінала сыпкіх грузаў Клайпедскага порта (biri k krovini t terminalas, BKT), які знаходзіцца на разглядзе ўрада, аб тым, каб заключыць міравое пагадненне і аднавіць транзіт беларускіх калійных угнаенняў.
«Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, бо яшчэ адзін момант, звязаны з публічнасцю, палягае ў тым, што ў нас цяпер ідзе арбітражны працэс, у якім будзе ацэньвацца ўсё, што знаходзіцца ў публічнай прасторы. Мая цікавасць - казаць аб гэтай сітуацыі суха, выразна і юрыдычна абгрунтавана. Магу сказаць, што розныя ацэнкі наносяць шкоду Літве», - сказаў Будрыс.