Санкцыі ЕЗ моцна ўдарылі па «Раснафце»
- 30.07.2025, 15:30
Індыйскія кампаніі разрываюць кантракты з Nayara.
Санкцыйны ціск ЕЗ на энэргетычны сектар Расеі пачаў адбівацца на індыйскай кампаніі Nayara Energy, якая звязаная з расейскай «Раснафтай».
Пра гэта паведамляе Reuters.
Са звестак Reuters, уладальнікі трох танкераў, якія супрацоўнічалі з Nayara, ініцыявалі скасаванне кантрактаў праз асцярогу другасных санкцый.
Паводле паведамлення агенцтва, кампаніі Seven Islands Shipping Ltd і Great Eastern Shipping Co (GESCO) звярнуліся да Nayara з просьбай зняць з кантрактаў тры судны - Bourbon, Courage і Jag Pooja.
Прычына - новыя санкцыі ЕЗ, якія тычацца прадпрыемстваў з расейскім капіталам.
Nayara Energy - трэці паводле велічыні нафтаперапрацоўчы завод у Індыі, кантрольны пакет акцый якога належыць расейскай «Раснафце». Кампанія не толькі пастаўляе нафтапрадукты на ўнутраны рынак, але і актыўна экспартуе іх.
Эфект санкцый
Пакет санкцый Еўразвязу, прыняты 18 ліпеня, ужо прымусіў Nayara скараціць вытворчасць на сваім заводзе на захадзе Індыі - магутнасцю 400 тысяч барэляў на дзень праз цяжкасці з захоўваннем паліва.
Акрамя таго крыніцы выдання паведамілі, танкер Sanmar Songbird, які павінен быў забраць груз з Вадзінара (дзе размешчаны НПЗ Nayara), быў перанакіраваны на іншы завод - MRPL - праз праблемы са страхаваннем.
Пазіцыя бакоў
Nayara Публічна крытыкуе санкцыі, называючы іх «несправядлівымі і аднабаковымі».
Кампанія пакуль не каментавала сітуацыю са скасаваннем кантрактаў. Прадстаўнікі Seven Islands, GESCO, HPCL і Sanmar таксама не далі адказы на запыты журналістаў.
Паводле інфармацыі Reuters, генеральны дырэктар Nayara нядаўна падаў у адстаўку.