Больш за 600 дамоў у Калодзішчах засталіся без святла
- 30.07.2025, 11:30
Вецер валіў дрэвы.
Пасёлак Калодзішчы ў Менскай вобласці сутыкнуўся з сур'ёзнымі перабоямі ў электразабеспячэнні ў выніку ўздзеяння моцнага навальнічнага фронту. Больш за 600 прыватных жылых дамоў засталіся без святла па вуліцах Караткевіча, Барысаўская, Белавежская і Валмянскі Шлях.
На 10:00 выяўлена пашкоджанне 6 апор ліній электраперадачы, выкліканае падзеннем дрэў у выніку моцнага ветру і дажджу, паведамляе Мінэнэрга.
Энэргетыкі працуюць над пераключэннем спажыўцоў для як мага больш хуткага аднаўлення электразабеспячэння. Спецыялісты чакаюць, што поўнае аднаўленне электразабеспячэння для ўсіх спажыўцоў будзе закончанае прыблізна да 16:00 сённяшняга дня.
На гэты момант на месцы здарэння праводзіцца расчыстка тэрыторыі ад паваленых дрэў, адбываецца транспартаванне новых апор. У аднаўленчых работах задзейнічаны 7 рамонтных брыгад, 1 аператыўна-выязная брыгада, 5 пад'ёмных вышак, 1 кран і 2 свідравыя ўстаноўкі.