У Японіі на бераг выкінула чатырох кітоў
- 30.07.2025, 10:32
Магчыма, праз землятрус і цунамі на Камчатцы.
У японскім горадзе Татэяма на пляжы Хірасунаўра 30 ліпеня выкінула на бераг чатырох кітоў. Пра гэта паведамляе японскі тэлеканал NHK.
Відэазапіс з кітамі быў зняты а 5 гадзіне раніцы. На відэа можна ўбачыць, як некалькі кітоў, выкінутых на бераг ля лініі прыбою, рухаюць плаўнікамі.
Мужчына, які зняў відэа, распавёў, што прыйшоў раніцай 30 ліпеня паглядзець на вышыню хваляў перад заняткам сёрфінгам, і тады выявіў на беразе кітоў.
Ці звязана гэта з землятрусам і цунамі, што адбыліся на Камчатцы, пакуль не вядома.
Нагадаем, 30 ліпеня, у акваторыі Ціхага акіяна ля берагоў Камчаткі адбыўся магутны землятрус магнітудай 8,8. Падземныя штуршкі прывялі да частковага разбурэння будынкаў і выклікалі цунамі вышынёй да 4 метраў. Небяспека распаўсюдзілася далёка за межы Расеі - папярэджанні і эвакуацыі былі абвешчаныя ў Японіі, ЗША, на Гаваях і ў іншых краінах рэгіёну.