Лукашэнка зрабіў Менск мішэнню
- Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
- 30.07.2025, 13:09
Дрон на Матусевча можа быць далёка не апошнім.
Некалькі назіранняў і высноў па гарачых слядах.
1. Вось гэта і здарылася - беспілотнік упаў у Менску, у жылым квартале, ля дзіцячага садка. Дагэтуль няпрошаныя госці часцей за ўсё трывожылі Гомельшчыну.
Новы інцыдэнт лішні раз красамоўна нагадаў, што ў Беларусі сёння ніхто не можа быць у поўнай бяспецы — ні Гомель, ні Калінкавічы, ні Менск.
Але, у адрозненне ад ранейшых інцыдэнтаў, улады адрэагавалі трохі інакш. Гэтым разам яны не сталі хаваць факт здарэння. Хай і з некаторым спазненнем, але і Мінабароны, і праўладная прэса паведамілі пра падзенне дрона.
2. Улады і прапаганда пакуль не агучылі версію аб паходжанні БПЛА, заявіўшы толькі аб распачынанні крымінальнай справы і следчых дзеяннях.
Паказальна, што ў відэа, апублікаваным Следчым камітэтам, на абломках дрона відавочна бачныя налепкі з надпісамі на «ўкраінскай мове». Адзначым, што ва Украіне з гэтага фота і відэа СК Беларусі ўжо паспелі пасмяяцца праз відавочныя памылкі ў напісанні.
Пры гэтым аб датычнасці Украіны пакуль афіцыйна не заяўлялася.
І гэта выглядае дзіўна і не вельмі лагічна. Больш за тое, наводзіць на пэўныя думкі. Месца падзення было ачэпленае міліцыяй, старонніх туды не пускалі. Відэа СК з'явілася праз некалькі гадзін пасля першых навін аб НЗ.
І калі дапусціць, што хтосьці сапраўды запусціў у беларускае неба дрон, увесь упрыгожаны налепкамі на ўкраінскай мове, нібы навагодняя ялінка цацкамі, то спакой лукашэнкаўскіх спецслужбаў, якія не скарысталіся такім падарункам у першую ж гадзіну пасля таго, што здарылася, мякка кажучы, здзіўляе.
На пэўныя думкі наводзіць і рэакцыя прапагандыста Азаронка, які па гарачых слядах запісаў відэа пра інцыдэнт на Матусевіча. У ім ён перш за ўсё кінуўся адказваць «распаўсюднікам укідаў» на тэму «а чый гэта беспілотнік».
Са слоў прапагандыста, наша СПА «не збіла», а «пасадзіла» дрон. І другое — «Беларусь - прыфрантавая дзяржава, якая мяжуе з дзвюма краінамі ў вайне». А таму «якая розніца, чый беспілотнік».
«Прыляцець можа ўсё, што хочаце. Гэта проста яшчэ адзін нам з вамі напамін пра каштоўнасць мірнага неба», - кажа Азаронак у той момант, калі з гэтага «мірнага» неба на беларускую зямлю ўпаў чарговы дрон.
3. Трэба яшчэ раз нагадаць, што такія інцыдэнты будуць здарацца, пакуль ідзе вайна. І, мяркуючы з таго, што Расея ўзмоцнена нарошчвае выпуск шахедаў, у разы павялічваючы іх колькасць падчас нападаў на Украіну, варта чакаць росту такіх надзвычайных здарэнняў у нас.
Магчыма, у гэтым палягае і адна з прычын нервовасці сілавікоў у Менску на Матусевіча. Ім, як нікому іншаму, зразумела, што будзе, калі адзін з наступных прылётаў скончыцца трагедыяй.
4. Азаронак і ягоныя калегі па цэху могуць колькі хочуць рабіць выгляд, што Беларусь у гэтай гісторыі толькі выпадковы сусед, вымушаны трываць здарэнні жыцця ў прыфрантавой зоне. Мы ўсе ведаем і памятаем, хто прывёў вайну на нашу зямлю. Хто заняў бок агрэсара, і хто зарабляе на гэтай вайне.
І ў гэтым выпадку напраўду не так і важна, чый дрон упаў уночы 29 ліпеня на Матусевіча. Галоўнае тое, хто зрабіў нашу краіну мішэнню.
5. І пра канкрэтныя мішэні. У новым расследаванні BELPOL распавядаецца аб сакрэтным заводзе для вытворчасці ўдарных дронаў, размешчаным у Менску на вуліцы Янкі Маўра.
Паводле звестак следчых, там ужо цяпер могуць вырабляць ад 2 да 3 беспілотнікаў за дзень. І гэта не прататыпы, а гатовая зброя з далёкасцю палёту ад 180 да 310 км, якая ўжо цяпер пастаўляецца ў Расею.
І гэтая навіна, калі яна пацвердзіцца, кажа пра тое, што неўзабаве ў Беларусь могуць пачаць залятаць сапраўдныя ўкраінскія дроны - у пошуках легітымнай вайсковай цэлі.
Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»