Трамп даў прагноз пра заканчэнне вайны РФ супраць Украіны
- 29.07.2025, 21:17
Спатрэбіцца даволі шмат часу.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мяркуе, што ўрэгуляванне вайны Расеі супраць Украіны зойме даволі шмат часу.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на інтэрв'ю амерыканскага лідара для YouTube-канала Pod Force One with Miranda Devine.
Трамп расказаў, што ў яго былі «выдатныя размовы» з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, пасля якіх ён меркаваў, што вайну РФ супраць Украіны атрымалася ўрэгуляваць. Але пасля такіх званкоў адбылося «вельмі шмат дрэнных рэчаў».
Паводле словаў амерыканскага лідара, Украіна для расейскага дыктатара – «як зрэнка вока». І цяпер Пуціну цяжка, паколькі ён спадзяваўся на трохдзённую вайну, але ўсё доўжыцца ўжо больш за тры гады.
Прэзідэнт ЗША расказаў, што Украіна і Расея кожны тыдзень «страчваюць 5-6 тысячаў салдатаў» – жывых душаў, у якіх ёсць бацькі, жонкі, дзяўчаты, хлопцы і іншыя блізкія.
«Я не люблю так думаць, але ўсё гэта можна было б лёгка ўрэгуляваць – і гэта зойме яшчэ шмат часу», – дадаў Трамп.
Амерыканскі лідар таксама нагадаў, што цяпер усе выдаткі на амерыканскую зброю для Украіны бярэ на сябе Еўропа. На ягоную думку, гэта была «добрая ўгода» з NATO.