BE RU EN

У БДУ назвалі спецыяльнасць з самым высокім конкурсам

  • 29.07.2025, 20:19

Амаль 15 чалавек на месца.

26 ліпеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылося залічэнне абітурыентаў на дзённую і завочную формы навучання. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе БДУ і назвалі спецыяльнасць, на якую конкурс быў самым высокім.

Самым высокім конкурсам – 14,9 чалавека на месца – вызначылася спецыяльнасць «Графічны дызайн і мультымедыядызайн» факультэта сацыякультурных камунікацый. Сюды залічылі 10 чалавек, у тым ліку дваіх без іспытаў і аднаго паводле мэтавага прыёму. Прахадны бал – 254.

На спецыяльнасць «Дызайн касцюму і тэкстылю» таго ж факультэта паступілі 6 чалавек (прахадны бал – 234), на «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» – 10 (229).

На гістарычны факультэт на дзённую бюджэтную форму прынялі 118 чалавек. Найбольш высокія прахадныя балы былі на спецыяльнасць «Рэгіёназнаўства» (374), «Гісторыя» (347), а самыя нізкія – на «Кіраванне дакументамі» (315).

На факультэт журналістыкі залічаны 80 чалавек, прахадны бал склаў 341.

На філалагічным факультэце на спецыяльнасці «Расейская філалогія» і «Славянская і расейская філалогія» залічылі 45 абітурыентаў. На «Расейскую філалогію» прахадны бал склаў 337, на «Славянскую і расейскую філалогію» – 328. Яшчэ 24 абітурыенты залічаныя на «Беларускую філалогію» і «Славянскую і беларускую філалогію», прахадны бал – 322 і 338 адпаведна.

Юрыдычны факультэт прыняў 10 абітурыентаў на скарочаны тэрмін навучання паводле спецыяльнасці «Правазнаўства» (прахадны бал – 229), а на завочную форму – 42 чалавекі (204).

У Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А. Д. Сахарава на спецыяльнасць «Медыка-біялагічная справа» паступілі 20 чалавек, прахадны бал – 193. На «Кіраванне дакументамі» гістарычнага факультэта (дзённая форма) залічылі 15 абітурыентаў з прахадным балам 191.

Апошнія навіны