BE RU EN

Галаўкам УС Літвы пра інцыдэнты з дронамі: Я хацеў бы іх збіваць над Беларуссю

  • 29.07.2025, 19:31

Літва ўзмоцніць магчымасці выяўлення і ідэнтыфікацыі дронаў.

Галоўны камандзір Узброеных сілаў Літвы Раймундас Вайкшнарас хацеў бы збіваць дроны, якія заблукалі, яшчэ над Беларуссю. Але ў яго няма такой магчымасці.

Заяву Вайкшнараса прыводзіць LRT.

Генерал адзначыў, што праз адсутнасць паўнамоцтваў збіваць дэзарыентаваныя дроны над Беларуссю Літва ўзмоцніць магчымасці выяўлення і ідэнтыфікацыі дронаў, каб хутка вызначаць, ці існуе пагроза.

Таксама Літва хоча пашырыць магчымасці нейтралізацыі беспілотнікаў пры дапамозе электронных ці кінетычных сродкаў.

У сваю чаргу міністарка абароны Літвы Давіле Шакаленэ адзначыла, што яе краіна цяпер максімальна хутка вучыцца ў суседзяў і Украіны, як супрацьдзейнічаць дронам.

«Усё, што магчыма, мы робім: удасканальваем сістэму назірання за паветранай прасторай, асабліва ў частцы выяўлення аб'ектаў, якія ляцяць на малых вышынях у складаных умовах надвор'я. Мы набываем спецыяльныя радары і плануем нарасціць іх колькасць, пашырыць аб'ёмы закупак», – дадала яна.

Яна таксама дадала, што галоўнае пытанне ў тым, што Літва не можа збіць такія дроны.

«Мы павінны былі вельмі дакладна дамовіцца, якую рызыку мы бярэм на сябе, знішчаючы аб'екты, якія патэнцыйна не ўяўляюць пагрозы. Гэта значыць, ацаніць узровень пагрозы, якая зыходзіць ад гэтага аб'екта, і шкоду ад ягонага знішчэння, калі ў нас не адрэгуляванае кіраванне той самай цывільнай паветранай прасторай», – удакладніла міністарка.

Апошнія навіны