Марк Беніёф: ШІ і людзі будуць працаваць разам
- 29.07.2025, 19:17
ШІ нельга даверыць усё.
Генеральны дырэктар кампаніі Salesforce (адзін з лідараў у галіне продажаў, кліенцкім сэрвісе, маркетынгу, аналітыцы і ШІ) Марк Беніёф перакананы, што будучыня – за супольнай працай чалавека і штучнага інтэлекту, нягледзячы на цяперашнія складанасці, піша Axios (пераклад – сайт Charter97.org).
Кампаніі абяцаюць светлую будучыню з ШІ, скарачаюць персанал і выказваюць занепакоенасць хуткімі зменамі. Больш як палова кіраўнікоў прызнае, што ШІ «разрывае іх кампаніі на часткі».
Беніёф кажа, што галоўная праблема – не тэхналогія, а непадрыхтаванасць кампаній і супрацоўнікаў да тэмпу пераменаў. «Кіраванне такімі зменамі – вельмі складаная задача», – адзначыў ён у інтэрв'ю.
На студзеньскім форуме ў Давосе Беніёф прадказаў, што будучым CEO трэба будзе кіраваць змешанымі калектывамі: людзьмі і ШІ-агентамі. У сваёй калонцы для Financial Times ён падкрэсліў: «Быць чалавекам – наша суперздольнасць. ШІ не здольны любіць, пакутаваць ці выказваць сапраўдную спагаду».
ШІ павінен павысіць эфектыўнасць на 19%. Адзін ШІ-агент абтэлефанаваў 4000 патэнцыйных кліентаў за тыдзень. У службе падтрымкі ШІ апрацоўвае 50% запытаў, дазволіўшы скараціць выдаткі на 17%.
«Мы сталі больш прадуктыўнымі, але не расцём і не скарачаем штат радыкальна», – кажа Беніёф.
Будучыня за ростам, але шлях будзе цярністым. «Перадача ўсяго ШІ – рызыка для ўсёй кампаніі», – падкрэслівае ён.