У Магілёве плануюць аднавіць Свята-Траецкую царкву
- 29.07.2025, 18:54
Яна захавалася на малюнках вядомага мастака Напалеона Орды.
У гэтую нядзелю да месца былога храма быў здзейснены хрэсны ход і закладзеная капсула з граматай, падпісанай архіепіскапам магілёўскім і мсціслаўскім Сафроніем і старшынёй Магілёўскага гарвыканкама Сяргеем Чартковым. Сафроній правёў малебен Найсвяцейшай Тройцы ў гонар адраджэння святыні, піша «Звязда».
Гэты храм быў закладзены ў 1792 годзе на дабраслоўленне архіепіскапа магілёўскага Георгія Каніскага. Ёсць меркаванне, што культавы будынак быў асвечаны ў прысутнасці расейскага імператара Аляксандра I у 1810 годзе.
Падчас Другой сусветнай вайны царква атрымала пашкоджанні, а ў 1950-я гады пры будаўніцтве моста праз Дняпро была канчаткова разбураная.
У 2016 годзе знойдзеныя элементы падмурка храма былі музеефікаваныя і ўключаныя ў турыстычны маршрут.
«Гэта адзін з вядомых сімвалаў Магілёва, – кажа мясцовы краязнаўца Аляксандр Белахвостаў. – Ён захаваўся на малюнках вядомага мастака Напалеона Орды, а таксама на папулярных у турыстаў паштоўках, зробленых з эфектам гравюры. Ёсць інфармацыя, што архіў царкоўна-прыходскіх кніг Траецкай царквы, які знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, – самы вялікі ў параўнанні з іншымі цэрквамі Магілёва».
Паводле словаў Аляксандра Белахвостава, эскізны праект аднаўлення царквы ўжо ёсць, знайшлі нібыта і спонсараў, якія хочуць у гэтым удзельнічаць.