У Менску затрымалі расейца з чатырма пашпартамі
- 29.07.2025, 16:04
Экспэрты высветлілі, які з дакументаў сапраўдны.
У Менску сілавікі затрымалі расейца з падробленым пашпартам. Высветлілася, іх у мужчыны яшчэ тры і ва ўсіх дакументах, акрамя аднаго, былі змененыя фатаграфіі, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз.
48-гадовага грамадзяніна РФ сілавікі затрымалі «праз ўзніклае падазрэнне ва ўчыненні злачынства». Для пацвярджэння сваёй асобы мужчына паказаў пашпарт, сапраўднасць якога выклікала пытанні ў аператыўнікаў.
Пазней, падчас ператрусу дома ў падазраванага, былі канфіскаваныя яшчэ тры пашпарты грамадзяніна Расеі, у тым ліку замежны. Усе дакументы расейца адправілі на экспэртызу, каб устанавіць сапраўднасць.
Экспэрт пацвердзіў, што ўсе бланкі пашпартоў выраблены прадпрыемствам, якія ажыццяўляюць выпуск прадукцыі гэтага тыпу. І першапачатковы змест дакументаў тэхнічным зменам рознымі спосабамі не падвяргалася. Але затрыманы замяніў фотакарткі ў трох пашпартах.
«У пашпартах выдаленыя першапачатковыя фота разам з фрагментамі ламінаванай плёнкі з перыметральнымі рамкамі і на іх месцы налепленыя новыя фота з надрукаванымі на іх паверхні спосабам струйнай друкаркі фрагментамі перыметральных рамак з наступным дадаваннем новага пласта ламінаванай плёнкі», — адзначаюць экспэрты.
Адзіным сапраўдным дакументам, які пацвярджае асобу мужчыны, быў канфіскаваны замежны пашпарт. Паводле гэтага факту распачатая крымінальная справа.