Памёр трэці работнік «Беларуснафты», які атрымаў удар току
- 29.07.2025, 15:49
Ён памёр у лякарні.
Трагедыя ў Рэчыцкім раёне здарылася 27 ліпеня, калі трое работнікаў перавешвалі сейсмічны кабель праз аўтадарогу М-10. Падчас працы яны зачапілі металічным абсталяваннем электралінію.
У выніку двое мужчын загінулі на месцы ад удару токам, яшчэ аднаго шпіталізавалі. Аднак Следчы камітэт не паказваў, што загінулыя былі работнікамі «Беларуснафты». Пра гэта стала вядома выданню https://d2nr19vx7o3ss3.cloudfront.net/ru/naviny/takogo-sereznogo-incidenta-esce-nikogda-ne-bylo-chto-privelo-k-gibeli-rabotnikov-belorusnefti-pod-rechicej.html">«Флагшток».
Акрамя таго, выданне паведамляе, што 28 ліпеня трэці рабочы прадпрыемства памёр у лякарні. Следчы камітэт пра гэта пакуль нічога не пісаў.
Паводле крыніцы «Флагштока», адзін з загінулых – мужчына 43 гадоў, ён раней працаваў у лясной гаспадарцы. Другому было 25 гадоў, а памерламу ў бальніцы – усяго 22 гады. Усе трое былі прынятыя на працу за некалькі месяцаў да трагедыі.
Нагадаем, Следчы камітэт паведаміў, што ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці 27 ліпеня ад удару токам загінулі двое мужчын.
Трое рабочых перавешвалі сейсмічны кабель праз аўтадарогу М-10 і закранулі металічным абсталяваннем электралінію. У выніку двое з іх (43 і 25 гадоў) загінулі на месцы, яшчэ аднаго шпіталізавалі.
На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група, апытваліся відавочцы, плануецца прызначэнне шэрагу экспэртных даследаванняў. Асаблівую ўвагу абяцаюць надаць прычынам і ўмовам, якія спрыялі трагедыі.