У Жодзіне будуць судзіць намесніка дырэктара завода
- 29.07.2025, 15:15
Ён курыраваў эканоміку і камерцыю.
Генеральная пракуратура накіравала ў суд справу намесніка дырэктара аднаго з дзяржпрадпрыемстваў Жодзіна. Ён курыраваў эканоміку і камерцыю, а разам з гэтым — браў хабары ад камерцыйных фірмаў, якія хацелі бесперабойна атрымліваць прадукцыю завода, піша «Зеркало».
Следства выявіла, што ў лістападзе-снежні 2024 года мужчына дамовіўся з бізнэсоўцамі, што дапаможа з адгрузкамі — за матэрыяльнае ўзнагароджанне. Адзін з эпізодаў - перадача банкаўскай карткі ад прадстаўніка фірмы. Праз яе намеснік дырэктара атрымаў доступ да рахунку ў расейскім банку, адкуль у канцы лістапада — пачатку снежня зняў 300 тысяч расейскіх рублёў.
У іншым выпадку ягоную пазыку сумай 100 тысяч расейскіх рублёў выплаціла зацікаўленая фірма. А ў студзені 2025 года ён атрымаў яшчэ 300 тысяч расейскіх рублёў — праз трэцюю асобу, якая не ведала, што ўдзельнічае ў карупцыйнай схеме.
Мужчыну выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабараў у вялікай суме). Ён пад вартай.