Сэнатары-рэспубліканцы падтрымалі новы ўльтыматум Пуціну
- 29.07.2025, 14:41
Крэмль папярэдзілі, што Трамп «не будзе гуляць у гульні».
Сэнатары-рэспубліканцы ЗША мяркуюць, што адзіны шлях прымусіць Пуціна да міру - праз эканамічны ціск і сілу. Таму падтрымалі падыход Дональда Трампа да Расеі.
Пра гэта паведамляе карэспандэнт "Грамадскага" з Вашынгтона.
Сэнатар ЗША ад штата Луізіяна, рэспубліканец Джон Кэнэдзі, заявіў, што расейскі дыктатар «мае кроў пад пазногцямі» і з'яўляецца «мясніком» не толькі ўкраінцаў, але і ўласнага народа. А ўзаемадзеянне з ім параўнаў з «кармленнем акулы з рукі».
«Пуцін разумее толькі сілу. З ім немагчыма знайсці агульную мову. Адзіны спосаб прымусіць яго да перамоў-прымусіць галадаць ягоную вайсковую машыну. Мы павінны ўдарыць па ягоным бюджэце, спыніўшы продаж расейскай нафты праз другасныя санкцыі», - заявіў Кэнэдзі.
Ён адзначыў, што Пуцін грэбліва ставіцца да ЗША і асабіста да Трампа, а раней «хлусіў яшчэ да таго, як навучыўся гаварыць».
Сенатар-рэспубліканец ад штата Агаё Берні Марэна адзначыў, што Пуцін «хутка даведаецца», што Трамп - не Джо Байдэн, і з ім не атрымаецца гуляць у гульні.
«Забойствы ва Украіне павінны спыніцца. І калі Пуцін хоча зацягнуць гэта ці гуляць - ён даведаецца, што Трамп у гэтыя гульні не гуляе», - сказаў Марэна.
Сенатар Джэймс Рыш дадаў, што асабіста размаўляў з Трампам аб сітуацыі. Паводле ягоных слоў, прэзідэнт ЗША адчувае фрустрацыю з-за дзеянняў Пуціна, аднак у Вашынгтоне чакаюць змяненняў найбліжэйшым часам.