У Менску з'явіўся «сакрэтны завод» для вытворчасці дронаў
- 29.07.2025, 14:36
За ім стаіць Віктар Шэйман.
Пуцін на апошняй на сустрэчы з Лукашэнкам абвясціў, што Расея гатовая пабудаваць у Беларусі завод для вытворчасці беспілотнікаў. Але, як сведчыць новае расследаванне «Белпола», ён ужо ёсць у Фрунзенскім раёне Менска.
Афіцыйна прадпрыемства мае статус прыватнага, але, як вынікае з расследавання, ім кіруюць набліжаныя да Лукашэнкі фірмы і службоўцы.
Як распавядаюць выведвальнікі, у Беларусі дзейнічае канструктарскае бюро «Беспілотныя гелікаптэры», якое спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці цяжкіх беспілотнікаў гелікаптэрнага тыпу. З 9 жніўня 2024 года гэтая кампанія трапіла пад санкцыі ЗША, а пазней і іншых краін.
Прадбачачы такое развіццё падзей, улады надумалі стварыць «дачку» — своеасаблівага двайніка асноўнага прадпрыемства. Гэта дазволіла абысці частку абмежаванняў і прадоўжыць дзейнасць пад іншай шыльдай.
Так, у траўні 2023 года было зарэгістравана ЗАТ «беспілотныя лятальныя апараты» са статутным фондам усяго 3700 беларускіх рублёў.
У жніўні 2023 года гэта прадпрыемства набыло вытворчыя памяшканні на вуліцы Янкі Маўра, 47 плошчай 16 гектараў у Мінскага завода будаўнічых матэрыялаў, які знаходзіўся ў працэсе ліквідацыі. Кошт угоды - усяго 4,5 млн рублёў. Афіцыйна продаж адбыўся паводле распараджэння Лукашэнкі №124-РП ад 9 жніўня 2023 года з грыфам «Для службовага карыстання».
За новым прадпрыемствам стаіць структура «Вектар капітал груп» — фармальна прыватная кампанія, якую ўзначальвае былы кіраўнік Управы справамі Лукашэнкі Віктар Шэйман і два ягоныя намеснікі — Андрэй Свірыдаў і Мікалай Селіванаў.
У выпадку ЗАТ «беспілотныя лятальныя апараты», як адзначае «Белпол», кожная дробязь абмяркоўвалася на нарадах у «Вектар капітал груп". Нават такое пытанне, як здача металалому.
Сярод ключавых фігур, звязаных з «беспілотнымі лятальнымі апаратамі», — Валерый Япрынцаў, ветэран беларускага бізнэсу, які некалі быў партнёрам апальнага Юрыя Чыжа. Як вынікае з дакументаў, ён прысутнічаў на нарадзе аб развіцці ЗАТ «беспілотныя лятальныя апараты» і з'яўляецца афіцыйным суўладальнікам як беларускіх, так і расейскіх кампаній, звязаных з беспілотнікамі. Аднак, са звестак «Белпола», частка гэтых кампаній — фіктыўныя, з мізэрным штатам і без рэальнай вытворчасці.
Згодна з вытворчым планам на кастрычнік 2023 года, завод у той час ужо займаўся серыйнай вытворчасцю двух тыпаў ударных БПЛА:
- «Аскалон» - рэактыўны крылаты беспілотнік з далёкасцю да 310 км (аналаг іранскага Shahed);
- «Міратворац» - з далёкасцю да 180 км.
Да канца 2025 года прадпрыемства павінна выйсці на вытворчасць да 960 адзінак штогод, або 2-3 дроны штодня. Кожны з іх здольны несці да 10 кг выбухоўкі. Прыбытак прадпрыемства ацэньваецца на 76,2 млн даляраў на год.
І гэта не прататыпы, а зброя, якая ўжо пастаўляецца ў Расею.
Пры гэтым ЗАТ «Беспілотныя лятальныя апараты» на чэрвень 2025 года не трапіла ў аніводзін санкцыйны спіс, бо фармальна не звязана з ужо падсанкцыйным прадпрыемствам «Беспілотныя гелікаптэры».