«Думаю, указ падрыхтавалі нездарма»
- 29.07.2025, 12:05
Неўзабаве пачуем і пра законны аўтамабільны рэкет.
У рэдакцыю сайта Charter97.org напісала чытачка з Менскай Серабранкі:
- З жахам чытаю і думаю пра пераўтварэнне нашага ўтульнага мікрараёна ў «каменную горку». Маю на ўвазе “навядзенне парадку” на Высокім беразе і = руйнаванне абшару вуліцы Сямёнава.
Новыя шэрыя бетонныя мікрараёны будуюцца на слязах людзей, каб які-небудзь чарговы фаварыт карыч змог пакласці сабе ў кішэню новы мільён даляраў ды раздзяліць яго з босам.
Так, цяпер толькі ў памяці ў нас застаўся завулак Чыжэўскіх — файнае, атмасфернае месца — дзе людзі мелі свае дамы. І нават не дамы, а лепей сказаць родавыя сядзібы. Бо ўспадкавалі гэтую маёмасць “ад прадзедаў спакон вякоў”. Жылі там сваёй грамадаю, сваім спакойным жыццём.
Наш сябра Валодзя меў у сваім садзе больш за 15 гатункаў вінаграду, лазню і альтанку. Дык вось, пагадаваўшы дзяцей, калі ўжо надышла тая пара, што можна сядзець у двары, пражыць мяса ды піць чырвонае віно, атрымаў замест сядзібы катух на 10-м паверсе. Уяўляеце маштаб чалавечай трагедыі? Многія жыхары гэтага завулка не змаглі перажыць сваё гора і адляцелі ў лепшы свет.
Мне ж гэтыя перасяленні нагадваюць часы раскулачвання! Без тлумачэння забралі, выселілі, звялі са свету.
Але ж і гэтага мала! Вось чытаю новы ўказ, згодна з якім вайскова-транспартны абавязак будзе распаўсюджвацца не толькі на транспарт дзяржаўных органаў, але і на кожны аўтамабіль, які можа быць канфіскаваны для патрэб войска. Забраць самаход могуць падчас мабілізацыі або ў ваенны час. Міністэрства абароны складае спіс патрэбных аўтамабіляў і дэталяў, а ўрад сочыць за выкананнем.
Думаю, калі ўказ падрыхтавалі, то нездарма. Неўзабаве пачуем і пра законны аўтамабільны рэкет.