На чэмпіянаце Еўропы ў боксе адбыўся скандал
- 28.07.2025, 22:00
Трэнер накінуўся на рэферы і схапіў за горла проста на рынгу.
28 ліпеня на чэмпіянаце Еўропы ў боксе сярод школьнікаў у сербскім горадзе Злацібор адбыўся інцыдэнт паміж трэнерам і рэферы. Гэта адбылося проста на рынгу, паведамляе 28 ліпеня выданне Informer.
Падчас паядынку паміж 13-гадовым сербам Віктарам Майстаровічам і азербайджанцам Юсіфам Агхакісіевым у катэгорыі да 75 кг трэнер апошняга не змог стрымаць эмоцыі і атакаваў суддзю проста на рынгу.
На відэа Еўрапейскай баксёрскай канфедэрацыі відаць, як пасля папярэджання Агхакісіеву за паўторнае парушэнне ягоны трэнер у лютасці забег на рынг. Потым штурхануў арбітра Стэфана Чубалеўскі ў спіну і схапіў за шыю. Далей пачаў душыць і цягнуць яго да краю рынга.
Сітуацыю ўдалося часткова ўрэгуляваць дзякуючы ўмяшанню гледачоў, камандаў і афіцыйных асобаў. Аднак валтузня хутка перарасла ў сапраўдную бойку.
Еўрапейская баксёрская канфедэрацыя ўжо заявіла, піша The Sun, што разгледзіць здарэнне і магчымыя далейшыя санкцыі ў дачыненні да агрэсіўнага трэнера. Абодва, і спартовец, і настаўнік, былі дыскваліфікаваныя.