BE RU EN

Расейскія акцыі патаннелі на $1,4 мільярда за гадзіну

  • 28.07.2025, 20:01

Акцыі ўпалі пасля пастановы Трампа скараціць ультыматум Пуціну.

Расейскі рынак акцый пераключыўся ў рэжым імклівага падзення каціровак пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што скарачае тэрмін ультыматуму Уладзіміру Пуціну, пасля заканчэння якога той павінен спыніць агонь ва Украіне, паведамляе The Moscow Times.

Індэкс Масбіржы, які ўключае паперы чатырох дзясяткаў найбуйнейшых расейскіх кампаній, пасля заяваў Трампа спікіраваў з адзнакі 2777,3 пункта да 2727,2 пункта. Крыху больш чым за гадзіну (з 14.55 паводле Менска да 16.08 паводле Менска) ён страціў 1,8%, або $1,4 млрд у пераліку на капіталізацыю.

На стан 16.31 мск акцыі Сбера ўпалі на 1,22%, «Газпрама» – на 2,77%, «Лукойла» – на 1,11%, «Саўкамфлоту» – на 2,24%.

Амаль 3% страціў у кошце «Мечэл», 3,2% – «Наватэк», на 4% спікіраваў «Аэрафлот», які сутыкнуўся ў панядзелак з беспрэцэдэнтнай хакерскай атакай, што паралізавала працу кампаніі, прывяла да скасавання больш як 100 рэйсаў і справакавала новы авіякалапс у сталічным аэропорце Шарамеццева.

Паскорыў падзенне курс рубля: юань даражэе амаль на 2 адсоткі, да 11,27 рубля; курс даляра на форэксе дадае 2,1%, і гандлюецца за 81,05 рубля.

Трамп, які запатрабаваў 14 ліпеня, каб Пуцін цягам 50 дзён спыніў агонь ва Украіне, у панядзелак заявіў, што «вельмі расчараваны» расейскім прэзідэнтам, які замест мірных перамоваў кінуў войска ў новы наступ і, паводле словаў крыніцаў Reuters, рыхтуецца да бітвы за Днепрапятроўск, Сумы і Харкаў.

«Мы думалі, што ўладзілі гэта шмат разоў. І тут прэзідэнт Пуцін выходзіць і пачынае запускаць ракеты па якім-небудзь горадзе, напрыклад па Кіеве, і забівае шмат людзей у доме састарэлых ці недзе яшчэ. Целы валяюцца па ўсёй вуліцы. Так рабіць нельга», – сказаў Трамп на сустрэчы з прэм'ерам Вялікай Брытаніі Кірам Стармерам.

Пазней Трамп удакладніў, што новы тэрмін для Пуціна складае 10–12 дзён. Пасля яго заканчэння ЗША могуць увесці 100-адсоткавыя мыты ў дачыненні да краінаў, якія набываюць расейскую нафту, каб выразаць РФ з сусветнага рынку «чорнага золата», які забяспечвае Крамлю кожны чацвёрты рубель прыбыткаў бюджэту і амаль палову ўсіх валютных прыбыткаў эканомікі.

Згодна з законапраектам, які ўжо пачаў разглядаць амерыканскі сенат, пад тарыфы Трампа могуць патрапіць Кітай, Індыя і Турцыя, што набываюць амаль увесь расейскі нафтавы экспарт.

Апошнія навіны