Што азначае вызваленне Кандратаўкі ў Сумскай вобласці
- 28.07.2025, 19:24
УСУ пераходзяць да новай фазы.
Вызваленне Кандратаўкі ў Сумскай вобласці з'яўляецца часткай стабілізацыйных дзеянняў украінскіх вайскоўцаў, а не пачаткам маштабнага контрнаступу.
Пра гэта заявіў ваенны эксперт і былы намеснік кіраўніка Генштаба УСУ Ігар Раманенка ў каментары YouTube-каналу РБК-Украіна.
Паводле словаў Раманенкі, размова ідзе пра стрымліванне прасоўвання расейскіх войскаў пасля таго, як яны арганізавалі пераход праз мяжу і пачалі наступ.
«На мяжы Хоцень – Ябланаўка нашы войскі перакінулі туды... пастанова была 225-ы полк з Курскай вобласці і яшчэ некаторыя намаганні, і атрымалася стабілізаваць асабліва на заходнім флангу ўсёй мяжы», – адзначыў ён.
Эксперт паведаміў, што Кандратаўка стала ўжо другім населеным пунктам, які атрымалася адбіць, і цяпер украінскія сілы спрабуюць замацавацца на гэтых адрэзках. Ён звярнуў увагу на тое, што вораг апынуўся ў луцэ ракі, якая абмяжоўвае магчымасці для манеўру.
«Тут нашы праводзяць наступальныя дзеянні, заганяючы туды, у гэтую луку, а вакол рака. Ім або фарсіраваць яе выходзіць, або чакаць, што нехта дапаможа ім перакінуць нейкія рэзервы. Так ці інакш, там сітуацыя для іх цяжкая», – падкрэсліў эксперт.
Зрэшты, сітуацыя застаецца напружанай, асабліва на ўсходнім фланзе. Расейцам удалося захапіць Ябланаўку, а баі за Юнакоўку прадаўжаюцца.
«Сказаць, што на гэтым кірунку наступ – я думаю, недарэчна. А вось заходні фланг стабілізавалі. Магчыма, атрымаецца гэта зрабіць і з усходнім», – адзначыў ён.
Эксперт таксама падкрэсліў важнасць кантролю над Юнакоўкай, паколькі яна дае тактычную перавагу на Сумскім кірунку.
«Пытанне не пра ход наступу, а там контратакі правялі. 225-ы полк і папярэдняе, калі вызваляў населеныя пункты, і цяпер вельмі важнае, вельмі неабходнае», – сказаў ён.
Ён дадаў, што пры ўмове наяўнасці дадатковых сілаў украінскія войскі маглі б скарыстацца сітуацыяй, бо вораг заціснуты ў луцэ.
«Там іх ці паланіць, ці разбіваць, ці знішчаць. Але вораг пра гэта таксама ведае, адпаведным чынам будзе рэагаваць са сваімі рэзервамі», – растлумачыў Раманенка.