Пуцін пагаварыў з Нетаньяху
- 28.07.2025, 19:13
Бакі абмеркавалі канфлікт на Блізкім Усходзе і вайну Ізраіля з Іранам.
Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін пагаварыў з Біньямінам Нетаньяху, паведамілі ў Крамлі.
Яны правялі тэлефонную размову.
Лідары краінаў абмеркавалі абстаноўку на Блізкім Усходзе. Пуцін падчас размовы заявіў пра неабходнасць падтрымкі адзінства, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Сірыі. Кіраўнік Расеі ўказаў, што ўмацаванне Сірыі магчымае «праз захаванне законных правоў і інтарэсаў усіх этнаканфесійных групаў насельніцтва», паведамілі ў Крамлі.
Бакі таксама абмеркавалі канфлікт Ірана і Ізраіля. Пуцін нагадаў, што Расея гатовая «ўсяляк спрыяць знаходжанню перамоўных развязак вакол іранскай ядзернай праграмы».
Апошні раз Пуцін размаўляў з Нетаньяху ў чэрвені 2025 года. Адначасова ён пагаварыў з прэзідэнтам Ірана Масудам Пезешкіянам. Размова адбылася адразу пасля абвастрэння канфлікту паміж краінамі, і Пуцін выказаў спачуванні Ірану ў сувязі з ахвярамі праз удары Ізраіля. Тады дыктатар Расеі гаварыў, што Расея асуджае дзеянні Ізраіля, якія парушаюць Статут ААН і міжнароднае права.