«Усё, канец беднага жыцця»
- 28.07.2025, 19:11
У беларускай краме просяць 100 рублёў за кіло тавару, які шмат у каго «расце як пустазелле».
Беларуска ў TikTok здзівілася кошту айчыннай мяты ў гіпермаркеце Green – амаль 101 рубель за кілаграм. У каментарах многія адзначылі, што ў іх гэтая трава «расце як пустазелле», а значыць, на ёй можна добра зарабіць, піша «Люстэрка».
– Людцы, вы гэта бачылі? Мята, проста звычайная мята ў «Грыне» каштуе сто рублёў за кілаграм. Хто такое бачыў, божа мой, што за кошты? Я разумею, што яна лёгкая, але ўсё ж майце сумленне: за траву – сто рублёў, – абураецца аўтар відэа, паказваючы цэтлік на прылаўку з вырашчанай у Беларусі мятай – 100,99 рубля за 1 кг.
Адзначым, на сайце green-dostavka.by кошты пазначаныя не за кілаграм, а, што больш звыкла для зеляніны, за пучок у латку – напрыклад, за 1,74 рубля можна набыць 15 г беларускай мяты.
Калі ж лічыць менавіта ў кілаграмах, то роскід коштаў – ад 76,33 рубля да 139,67 рубля за кіло, самая дарагая – мята расейскай вытворчасці.
У каментарах некаторыя паказалі аўтару, што ў кілаграмах мяту ўсё роўна мала хто бярэ, аднак іншыя таксама здзівіліся кошту малапатрабавальнай, на іхнюю думку, зеляніны. Частка карыстальнікаў расказала, што ў іх мята расце «як пустазелле», і ўжо строяць планы ўзбагачэння.
«А дзе дачнікі, якія – “А вы ведаеце колькі сілаў і працы выгадаваць мяту? А я б за 200 прадавала! А выгадуйце сваю бясплатную?”»
«У мяне на лецішчы расце звычайная, перачная, цытрынавая, ментолавая – я мільярдэр».
«Усё, канец беднага жыцця. Паўагароду як пустазелле расце».
«А куды можна здаць за паўкошту? У нас каля пад'езда разраслася».
«Я пасадзіла адзін раз і цяпер кожны год вырастае, не патрабуючы ніякай увагі! Лісточкі буйныя, аксаміцістыя, духмяныя!»
«Цэлы пакет выйшаў на 11 рублёў. Цяпер паглядзіце на кошты ў аптэцы на сушаную мяту незразумелай якасці – і пытанні адпадуць».
«Падобна на тое, крыпта сыходзіць на задні план, трэба ўкладваць у градкі. На выходных нарву сабе на кватэру зеляніны».
«Дык гэта за кілаграм, а не за 100 грамаў. Дапамажыце на надзеле ў сябе – і будзе бясплатна».
«Мне цікавая палітыка коштаўтварэння ў “Грыне”. У іх там свая асобная дзяржава?»
«Рукала – кошт бачылі, не? Звычайны дзьмухавец у сутнасці».