BE RU EN

Кітайская кампанія прэзентуе самага «чароўнага» ў свеце чалавекападобнага робата для дому і школы

  • 28.07.2025, 19:00

Робат будзе выконваць функцыі кампаньёна ці памагатага.

Шанхайская кампанія Fourier Robotics рыхтуецца да запуску свайго новага гуманоіднага робата GR-3, афіцыйная прэзентацыя якога адбудзецца 6 жніўня. Новы робат прызначаны для выкарыстання ў хатніх, адукацыйных і грамадскіх прасторах, уключаючы школы і лякарні, піша Interesting Engineering (пераклад – сайт Charter97.org).

GR-3 будзе прыкметна больш кампактным за сваіх папярэднікаў GR-1 і GR-2 – ягоны рост, паводле папярэдніх звестак, складзе блізу 134 см. Робат адрозніваецца больш «мяккім» і прыязным дызайнам, што ўжо звярнула ўвагу карыстальнікаў: «Гэта самы выразны і чароўны робат, якога я бачыў», – дзеляцца меркаваннем на форумах.

Галоўнай асаблівасцю GR-3 стане інтэграцыя моўнай мадэлі ШІ, якая дазваляе весці натуральны дыялог з карыстальнікамі. Дзякуючы гэтаму робат будзе выконваць функцыі кампаньёна ці памагатага.

У GR-3 акцэнт зроблены на выгодзе, кампактнасці і простасці ўзаемадзеяння. Чакаецца, што ў яго будзе адкрыты праграмны інтэрфэйс з магчымасцю інтэграцыі ШІ і сістэмаў кампутарнага зроку.

Калі кошт будзе даступным, GR-3 можа стаць першым агульнадаступным сацыяльным гуманоідам новага пакалення.

Апошнія навіны