Расейскі памежны карабель парушыў марскую мяжу Эстоніі
- 28.07.2025, 17:39
Расейскаму дыпламату ўручылі афіцыйную ноту.
Памежны карабель Расейскай Федэрацыі без дазволу ўвайшоў у тэрытарыяльныя воды Эстоніі і прабыў там 35 хвілін.
Як паведамляе "Еўрапейская праўда", пра інцыдэнт паведаміў галоўны штаб Сіл абароны Эстоніі, заяву якога падае ERR.
Інцыдэнт адбыўся 26 ліпеня на ўсход ад выспы Вайндлоа. Вайсковыя марскія сілы Эстоніі сачылі за сітуацыяй, ідэнтыфікавалі карабель і выявілі факт парушэння мяжы.
Згодна з законам аб дзяржаўнай мяжы Эстоніі, замежнаму вайсковаму караблю дазволена праходзіць праз тэрытарыяльныя воды краіны, ажыццяўляючы мірны праход. Для гэтага неабходна паведаміць МЗС Эстоніі за 48 гадзін да праходу. Расейскі памежны карабель гэтага не зрабіў.
28 ліпеня ў Міністэрства замежных спраў Эстоніі выклікалі часовага паверанага ў справах РФ у сувязі з інцыдэнтам.
Расейскаму дыпламату выказалі пратэст і ўручылі афіцыйную ноту аб парушэнні марской мяжы Эстоніі.
"Парушэнне марской мяжы Эстоніі Расеяй з'яўляецца сур'ёзным і непрымальным інцыдэнтам. Гэта паведамленне было таксама перададзенае часоваму паверанаму ў справах Расейскай Федэрацыі", - заявіў міністр замежных спраў Маргус Тсахкна.