Беларусы паказалі, як давялося «капаць» бульбу сёлета
- 28.07.2025, 14:25
Ролік хутка стаў папулярным, набраўшы больш за мільён праглядаў.
Жыхарка Беларусі апублікавала ў сацсетках відэа, на якім паказала, як ёй і яе сям'і давялося капаць бульбу ў канцы ліпеня 2025 года. Ролік хутка стаў папулярным, набраўшы 1,7 млн праглядаў, 26 тысяч падабаек і блізу 700 каментароў.
Так, на відэа бачна, як два чалавекі стаяць па калена ў вадзе і спрабуюць дастаць са дна ў кошык бульбу. Сама аўтарка роліка, як чуваць, не сумуе.
«Вось такі вось у нас чэлендж новы. Зручна, дарэчы? Лепш, чым у зямлі калупацца? Адразу чыстая!» - са смехам сказала яна.
У подпісе пад відэа беларуска расказала, што «так рана мы капаем (чытаць як купаем) бульбу ўпершыню, у ліпені».
Некаторыя ў каментарах падхапілі настрой аўтаркі відэа і таксама пачалі жартаваць.
«У наступным годзе саджайце рыс», — з гумарам параіў адзін з карыстальнікаў.
«Кіпяцільнік у ваду ўстаўце, адразу вараная будзе» - даў жартоўную рэкамендацыю яшчэ адзін.
«Гэта ў нас новы гатунак вывелі - бульбарыс» - адзначыў трэці.
Безумоўна, шмат хто ў каментарах паспачуваў беларусам, якія трапілі ў гэтую сітуацыю.
«І смех, і грэх, бедныя людзі, столькі праця!»- выказаўся нехта.
«Спачуваць. Мне плакаць захацелася. Столькі працы, сіл, матэрыяльных выдаткаў. [ ... ] Вельмі шкада нашых людзей-працаўнікоў», - адзначыла яшчэ адна карыстальніца.
«Людзі вы малайцы, беларусы не здаюцца», - таксама падтрымалі ў каментарах.