Еўрапейскія рынкі дасягнулі чатырохмесячнага максімуму
- 28.07.2025, 14:11
Гэта вынік гандлёвай угоды паміж ЕЗ і ЗША.
Еўрапейскія фондавыя рынкі ў панядзелак прадэманстравалі ўпэўнены рост пасля таго, як Еўрапейскі Звяз і ЗША дасягнулі гандлёвага пагаднення, якое зніжае рызыку эскалацыі гандлёвай вайны, піша Financial Times (пераклад - сайт Charter97.org).
Індэкс шырокага рынку Stoxx Europe 600 вырас на 1% падчас ранішніх таргоў. Нямецкі DAX дадаў 0,9%, а французскі CAC 40 падняўся на 1,2%.
Ф'ючарсы на амерыканскі індэкс S&P 500 таксама паказвалі на пазітыўнае адкрыццё таргоў у ЗША — рост на 0,5%.
Нягледзячы на агульнае паляпшэнне настрою інвестараў, еўра аслабеў, паколькі ўдзельнікі рынку пачалі аналізаваць ўмовы ўгоды, якая прадугледжвае падвышэнне тарыфаў на большасць тавараў з ЕЗ.
Згодна з дасягнутым пагадненнем, большая частка еўрапейскага экспарту ў ЗША, уключаючы аўтамабілі і фармацэўтычную прадукцыю, будзе абкладзена мытай на 15%. У той жа час Еўразвяз абавязаўся закупіць сотні мільярдаў даляраў у выглядзе амерыканскіх энэргетычных рэсурсаў і ўзбраенняў.
Угода выклікала крытыку з боку некаторых еўрапейскіх палітыкаў і прадстаўнікоў прамысловасці, якія мяркуюць, што Брусэль мог дамагчыся больш выгадных умоў.
Тым не менш аналітыкі адзначаюць, што пагадненне спрыяе зніжэнню нявызначанасці, якая ціснула на рынкі з моманту абвяшчэння прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам «дня вызвалення» ад «несправядлівых гандлёвых стасункаў» у пачатку красавіка.
Угода разглядаецца як крок да стабілізацыі трансатлантычных гандлёвых дачыненняў, нягледзячы на захаванне высокіх тарыфаў.